Хрысціянскія дэмакраты Еўропы абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі
Сёння, 23 чэрвеня, у Румыніі распачалася штогадовая канферэнцыя Еўрапейскага Хрысціянскага Палітычнага Руху, прысвечаная пытанню свабоды веравызнання і сумлення. Яе ўдзельнікі звярнулі асаблівую увагу на сітуацыю у Беларусі.
Наяўнасць болей чым 30 палітвязняў, працяглыя рэпрэсіі, несправядлівыя прысуды выклікалі глыбокую заклапочанасць у хрысціянскіх дэмакратаў Еўропы.
Заўтра, 24 чэрвеня, чакаецца прыняцце адмысловай рэзалюцыі Еўрапейскага Хрысціянскага Палітычнага Руху з нагоды складанага становішча ў нашай краіне.
Нагадаем, што асноўнай тэмай канферэнцыі ёсць далейшае прасоўванне ідэй Хрысціянскай Дэмакратыі і дзейнасць хрысціянскіх дэмакратычных партый у Цэнтральнай Еўропе. У працы канферэнцыі сярод іншых бяруць удзел прадстаўнікі аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”.