Пад ціскам уладаў актывіст БХД змушаны адмовіцца ад бізнэсу

23 чэрвеня 2011 23:27  |  Палітыка

У Віцебску працягваецца ціск на мясцовага актывіста аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Ўладзіміра Рамановіча, якога ўсялякім чынам намагаюцца пазбавіць арандаваных ім пад хостэл “Джаз” памяшканняў.

 

Праблема ўскладняецца тым, што 8-14 ліпеня ў Віцебску пройдззе фестываль мастацтваў “Славянскі базар”, удзельнікі і гледачы якога загадзя замовілі нумары ў хостэле.

 

“Хутчэй за ўсё мне давядзецца вярнуць грошы тым, хто замовіў нумары. Паводле пастановы санслужбаў я не магу здаваць памяшканні для пражыцця, паколькі ў нумарах не стаяць кандыяцыянеры, як у гатэлях. Я ім тлумачыў, што хостэл гэта не гатэль, але яны і слухаць не хочуць. Не маючы магчымасці здаваць нумары, я не магу плаціць за арэнду. Уладальнік памяшканняў ужо не патрабуе майго вызвалення, але настойвае на тэрміновай плаце за арэнду. Верагодна, мне давядзецца зварочваць бізнэс. Тут пытанне толькі ў тэрміне”, – адзначыў актывіст.

 

“Мы пастараемся знайсці жытло для тых, хто ўжо замовіў нумары. Калі не знойдзем, то будзем вяртаць грошы. Сярод іншых да нас плануюць прыехаць на Славянскі базар госці з Вялікабрытаніі, мы нават запрашэнні на іх выпісалі дляатрымання візы”, – паведаміў Уладзімір Рамановіч.

 

20 чэрвеня актывіст занёс у санітарную службу дакументы, у якіх павярджаецца, што прэтэнзіі, вынесеныя да хостэлу за неадпаведнасць нормам, што дзейнічаюць у дачыненні да гатэлю,  не адпавядаюць закону, паколькі хостэл гатэлем не з’яўляецца.

 

Праз некалькі гадзін пасля гэтага да Уладзіміра Рамановіча завіталі прадстаўнікі міністэрства надзвычайных спраў. Яны былі ў форме, але заявілі, што прыйшлі па ўласных справах. “Я ім сказаў, што працоўны час ужо скончыўся. Калі вы хочаце прайсці, то прыходзьце ў працоўны час і зарэгіструйцеся ў кнізе рэвізій. Пасля гэтага адзін з іх патэлефанаваў начальніку і сказаў, што іх не пускаюць”, –  адзначыў Уладзімір Рамановіч.

 

Раней санітарныя службы Віцебска вынеслі прадпісанне Уладзіміру Рамановічу спыніць сваю дзейнасць з 17 чэрвеня. За тыдзень да гэтага ён атрымаў афіцыйны ліст аб тым, што да 10 ліпеня павінен пакінуць памяшканні, якія ён арандуе пад хостэл.

 

“У прыватнай размове ён (арэндадаўца – БХД) прамовіўся, што прычына спынення дамовы не эканамічная. Ён узгадаў майго бацьку, які пасля выбарчай кампаніі 2006 году знаходзіцца за мяжой, і сказаў, што папрасілі, каб нас тут не было. Ён сказаў, што, калі б мы не ўлазілі, было б усё добра”, – адзначыў актывіст. 

Болей навін