Актывісту БХД пагражаюць звальненнем за ўдзел у акцыях пратэсту
Кобрынскага актывіста аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Станіслава Кучынскага, затрыманага 22 чэрвеня за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту, пагражаюць звольніць, калі ён працягне пратэставаць.
“Сёння мяне выклікалі да кіраўніцтва і сказалі, каб нікуды не хадзіў. Мяне прымусілі напісаць тлумачальную, папярэдзіўшы, што ў наступны раз санкцыі будуць больш жорсткімі. У тлумачальнай я напісаў, што праходзіў міма і мяне затрымалі за курэнне ля райвыканкаму”, – адзначыў актывіст.
“Затым па афіцыйнай позве я пайшоў у міліцыю, дзе мне ўжо выпісалі афіцыйны штраф у памеры 3,5 тысяч. Я хачу назбіраць 10-рублёвых купюраў і заплаціць імі гэты штраф у банку”, – паведаміў Станіслаў Кучынскі.