Хрысціянскія Дэмакраты Еўропы прынялі рэзалюцыю па Беларусі (тэкст, фота)
Сёння, 24 чэрвеня, у сталіцы Румыніі Бухарэсце завяршылася штогадовая канферэнцыя Еўрапейскага Хрысціянскага Палітычнага Руху, прысвечаная пытанню свабоды веравызнання і сумлення. Бралі ўдзел у з’ездзе і прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Удзельнікі канферэнцыі звярнулі асаблівую увагу на становішча ў Беларусі і ў выніку прынялі рэзалюцыю па сітуацыі ў краіне:
“Мы, удзельнікі сёмай Генеральнай Асамблеі Еўрапейскага Хрысціянскага Палітычнага Руху (ECPM) ў Бухарэсце, Румынія, выказваем глыбокую заклапочанасць з нагоды сітуацыі з правамі чалавека, свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.
З нагоды вельмі спрэчных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, больш за 50 тысяч прыхільнікаў дэмакратыі асмеліліся адстойваць свой выбар, прыйшоўшы на мірную акцыю пратэсту 19 сьнежня 2010 года ў цэнтры Мінска. Дэманстрацыя была жорстка разагнаная АМАПам. Каля 700 чалавек былі арыштаваныя, у тым ліку сем кандыдатаў у прэзідэнты. Затым краіна пагрузілася ў віхур арыштаў, вобшукаў і допытаў актывістаў дэмакратычных сіл, абаронцаў правоў чалавека, незалежных журналістаў, юрыстаў і г.д. Судовыя справы супраць асоб, якія абвінавачваліся ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках скончыліся прысудамі на доўгія тэрміны пазбаўлення волі для больш чым 30 палітычных дзеячоў і актывістаў. Многія з іх церпяць ад гвалту, жорсткага абыходжання і бесчалавечных ўмоваў – перапоўненых камераў, адсутнасці неабходнай медыцынскай дапамогі, забароны на атрыманне лістоў і спатканняў са сваякамі і адвакатамі.
Сярод абвінавачаных – сустаршыні аркамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі. Павал Севярынец правёў больш за пяць месяцаў у турме КДБ; дзесяць разоў ён прасіў аб сустрэчы са святаром, і кожны разоў яму было адмоўлена. Цяпер Павал чакае рашэння суда па ягонай скарзе на незаконнае пакаранне на тры гады у папраўча-працоўным лагеры. Віталь Рымашэўскі, які балатаваўся на пасаду прэзідэнта, пасля таго як правёў некалькі тыдняў у турме КДБ, атрымаў умоўны тэрмін на два гады пазбаўлення волі за арганізацыю і актыўны ўдзел у дзеяннях, якія парушылі грамадскі парадак. Дзесяткі актывістаў БХД былі абвінавачаны пасля выбараў і адбылі кароткія тэрміны ў турме.
Мы патрабуем ад беларускіх уладаў вызваліць усіх палітычных зняволеных, арыштаваных у перыяд пасля дэманстрацыі 19 снежня 2010 года і спыніць пераслед дэмакратычных лідэраў і актывістаў!
Мы вельмі занепакоеныя сітуацыяй са свабодай веравызнання і сумлення ў Беларусі і заклікаем лідэраў дэмакратычных урадаў у Еўропе, а таксама Еўрапейскага парламенту асудзіць судовыя рашэнні, якія датычацца Паўла Севярынца, Віталя Рымашэўскага і іншых палітвязняў, а таксама ўзмацніць палітычны ціск на беларускія ўлады.
Еўрапейскі Хрысціянскі Палітычны Рух, 24 чэрвеня 2011 года”.