БХД звярнулася да кіраўніцтва Польшчы, Еўрапарламенту і международнай федэрацыі баскетбола
Кіраўніцтва БХД звярнулася да Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Браніслава Камароўскага, Прэм’ер-міністра Рэспублікі Польшча Дональда Туска, Прэзідэнта Еўрапейскага Парляманту Ежы Бузэка і кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі баскетбола з нагоды інцыдэнту, які адбыўся 25 чэрвеня на чэмпіянаце Еўропы па баскетболе сярод жанчын у польскім горадзе Быдгашчы на трыбунах падчас матчу “Беларусь – Літва”.
Тэкст звароту быў сёння аднесены ў амбасаду Рэспублікі Польшча і дасланы факсам Прэзідэнту Еўрпейскага Парляманта Ежы Бузэку, а таксама кіраўніцтву Міжнароднай федэрацыі баскетбола.
Тэкст зварота:
Прэзідэнту Рэспублікі Польшча Браніславу Камароўскаму
Прэм’ер-міністру Рэспублікі Польшча Дональду Туску
ЗВАРОТ БЕЛАРУСКАЙ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ
У СПРАВЕ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАГА СЦЯГА
Шаноўны спадар Прэзідэнт!
Шаноўны спадар Прэм’ер-міністр!
25 чэрвеня на чэмпіянаце Еўропы па баскетболе сярод жанчын у польскім горадзе Быдгашчы адбыўся прыкры інцыдэнт: на патрабаванне арганізатараў матча “Беларусь – Літва” з прымяненнем сілы з трыбунаў была выдалена група беларускіх заўзятараў з вялікім бел-чырвона-белым сцягам.
У Беларусі гэты інцыдэнт выклікаў шырокую негатыўную рэакцыю беларускай грамадскасці, асабліва сярод дэмакратычна настроенных грамадзян.
Вядома, што бел-чырвона-белы сцяг паходзіць ад белай плашчаніцы з крывёй Хрыста, і з’яўляецца ўжо шматсотгадовым беларускім нацыянальным сымбалем, тамі жа значымым для беларусаў як чырвона-белы сцяг для палякаў. Пад гэтым сцягам беларусы і палякі ў часы Рэчы Паспаслітай і Вялікага Княства Літоўскага разам змагаліся супраць агрэсараў з Захаду і Ўсходу. Пад гэтым сцягам Беларусь здабыла незалежнасць у 1918 і 1991 гадах. Дагэтуль бел-чырвона-белы сцяг з’яўляецца сымбалем беларускай дэмакратыі і супраціву аўтарытарнаму рэжыму.
Гэты сцяг з’яўляўся дзяржаўным сцягам Беларусі з 1991 па 1995 гады. Больш таго, паколькі лукашэнкаўскі рэферэндум 1995 года не быў прызнаны сусветнай супольнасцю, бел-чырвона-белы сцяг дагэтуль ёсць адзіным законным, афіцыйным беларускім сцягам.
У Беларусі за бел-чырвона-белы сцяг прадстаўнікоў дэмакратычнага руху аўтарытарны рэжым затрымлівае, збівае і арыштоўвае. Але калі падобнае робіцца на тэрыторыі Еўрапейскага Звязу, гэта выклікае толькі неразуменне і абурэнне.
Мы вельмі настойліва просім Вас звярнуць увагу на гэты інцыдэнт, папярэдзіць вінаватых у знявазе беларускай нацыянальнай сымболікі і не дапускаць здзеку з патрыятычных пачуццяў беларусаў. Мы вельмі цэнім паслядоўную і прынцыповую пазіцыю Еўрапейскага Звязу і Рэспублікі Польшча ў пытанні дэмакратызацыі Беларусі, у падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і вельмі спадзяемся, што Вы не будзеце трываць падобных з’яваў на тэрыторыі ЕС і Польшчы ў далейшым.
З павагай,
Сустаршыня
Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец
Сустаршыня
Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі
Фота: Радыё Рацыя