Беларуская апазіцыя сёння заявіць пра пагадненне. Каментар Віталя Рымашэўскага

29 чэрвеня 2011 11:55  |  Галоўныя навіны

29 чэрвеня ў 16-00 на ўправе БНФ (пр. Машэрава,8) пройдзе сумесная прэс-канферэнцыя лідэраў апазіцыі, у якой возьмуць удзел прадстаўнікі амаль усіх буйных партыяў і рухаў: Віталь Рымашэўскі (БХД), Уладзімір Някляеў( «Гавары праўду»), Анатоль Лябедзька (АГП), Аляксандр Мілінкевіч (Рух «За Свабоду»), Ігар Лялькоў (БНФ).  Лідэры апазіцыі заявяць пра дасягнутае паміж сабой пагадненне і каардынацыю сваіх дзеяньняў.

Гэтую падзею для прэс-службы БХД пракаментаваў сустаршыня БХД, экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі:

“Тое, што ў нас нарэшце атрымалася дасягнуць пагаднення – гэта вельмі станоўча. Дасягнутае пагадненне тычыцца найперш крытэраў прызнаньня выбараў у Беларусі, удзелу ў  выбарах  толькі пры ўмове вызваленьня ўсіх палітвязьняў. Безумоўна, гэтага мала, але гэта ўжо пачатак. 

 

Супольнае пагадненне неўдзелу у выбарах да вызвалення палітвязьняў вельмі істотна, бо стратэгія ўлады на бліжэшыя выбары – легалізаваць сваю нелегітымную палітычную сістэму і стварыць кішэнную апазіцыю, прапусціўшы ў парламент нібыта прадстаўнікоў апазіцыі. А гэтага нельга дапускаць, трэба дамагацца вызваленьня палітвязьняў і дэмакратызацыі палітычнай сістэмы, найперш выбарчай сістэмы ў Беларусі.

 

Ва ўмовах страшэннага эканамічнага крызісу ў Беларусі пагадненне апазіцыі, якое дасягнута, і агульнае бачанне шляхоў зменаў у краіне — добры крок і магчымасьць для супрацы ў будучыні.”

Болей навін