Кіраўнікоў Берасцейскага абласнога і Рагачоўскага гарадскога БХД нейтралізавалі перад акцыямі пратэсту
Яшчэ учора, 28 чэрвеня супрацоўнікі райадзела Маскоўскага раёна горада Берасця затрымалі абласнога кіраўніка БХД па Берасцейскай вобласці Зміцера Шурхая і прад’явілі яму надуманае абвінавачанне ў дробным хуліганстве. Зараз у судзе Маскоўскага раёна Берасця адбываецца суд над ім. Нагадваем, што Шурхай быў аднім з лідэраў грамадскіх пратэстаў “Стоп-бензін” і штосерадовых маўклівых акцый на Берасцейшчыне.
У Рагачове ўчора ўвечары супрацоўнікі раённага аддзела міліцыі прыйшлі дахаты да кіраўніка Рагачоўскага БХД Дзяніса Дашкевіча і запатрабавалі ад яго зранку з’явіцца ў міліцыю. Прычына – удзел Дзяніса ў маўклівых акцыях і заснаванне мясцовага дэмакратычнага інтэрнэт-парталу rogachev.ucoz.org. Зараз сувязь з Дзянісам адсутнічае.
БХД лічыць, што затрыманні і арышты мясцовых кіраўнікоў БХД наўпрост звязаны з сённяшнімі маўклівымі акцыямі пратэсту. Улады нейтралізуюць моцных мясцовых лідэраў.