Затрыманьні пад воплескі ў Менску ў так званы Дзень незалежнасьці (Відэа)

04 ліпеня 2011 10:16  |  Навіны

У Беларусі падчас сьвяткаваньня так званага Дня Незалежнасьці, прысьвечанага ўзяцьцю Менска савецкімі войскамі ў 1944 годзе, у горадзе супрацоўнікі сілавых структураў затрымалі паводле зьвестак праваабаронцаў агулам больш за 200 чалавек. Гэтак улады адрэагавалі на заклікі ў сацыяльных сетках заклікаюць выходзіць на альтэрнатыўныя гуляньні і апладыраваць у знак пратэсту.

 

Затрымлівалі людзей за любыя спробы папляскаць у далоні, таму ўсе афіцыйныя сьвяткаваньні і асабліва прамова Лукашэнкі прайшлі амаль у поўнай цішыні. У Менску арганізатары пратэсту ў сацыяльнай сетцы Ўкантакце, якая, дарэчы, напярэдадні на замову беларускіх сьпецслужбаў перакрыла доступ да самых папулярных групаў і сустрэчаў, заклікалі людзей выходзіць на 3 акцыі пратэсту. Спачатку маўклівыя пратэстоўцы павінны былі патрапіць максімальна блізка да трыбуны Лукашэнкі падчас параду і запляскаць ягоную прамову на мітынгу, затым сабрацца ля Прывакзальнай плошчы а 19-й вечара, і нарэшце падысьці ў 23 гадзіны да стэлы “Менск: горад-герой”, каб выказаць воплескамі свой пратэст пасьля салюта.

 

Самы брутальны разгон і затрыманьні у сталіцы адбыліся на Прывакзальнай плошчы, дзе з ужываньнем сілы было затрымана каля 100 чалавек. Супраць мірных грамадзянаў, якія пачыналі пляскаць у ладкі, быў ужыты сьлезацёчны пярцовы газ. Затрыманых кідалі ў аўтазакі, зьбівалі і везьлі ў розныя РУУСы Менска ці адразу ў сьпецпрыёмнік на Акрэсьціна. Позна ўвечары адпусьцілі толькі непаўнагадовых і журналістаў, на астатніх складалі пратаколы аб адміністратыўным парушэньні і пакідалі пад арыштам.

 

Акцыі негвалтоўнага пратэсту з апладысментамі прайшлі 3 ліпеня таксама ў больш як 30 гарадах, райцэнтрах і мястэчках краіны. Практычна паўсюль сілавікі ўжывалі сілу і спрабавалі перашкодзіць гэтым акцыям. На рэгіёнах былі затрыманыя каля 80 чалавек, найбольш у Гомелі і Гародні.

 

 

 

 

 

 

 

Відэа ўласнае і Радыё “Свабода”

Болей навін