Апладысменты салідарнасьці на малітоўнай акцыі ля Чырвонага касьцёлу ў Менску (Відэа, фота)
Штодзённая малітоўная акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі ля Чырвонага касьцёлу ў Менску 3 ліпеня прайшла пад уражаньнем брутальнага разгону мірнай акцыі маўклівага пратэсту на Прывакзальнай плошчы непасрэдна перад малітвай. Таму малітоўную акцыю на знак салідарнасьці з толькі што затрыманымі людзьмі прысутныя скончылі гучнымі, працяглымі апладысменамі.
Перад пачаткам малітвы стала вядома, што сталая ўдзельніца малітоўных акцыяў маці палітвязьня Эдуарда Лобава Марына не змагла дайсьці да Чырвонага касьцёла: яе таксама затрымалі на Прывакзальнай плошчы разам з малодшым непаўнагадовым сынам Уладзем. Пры іх затрыманьні ўжывалі сьлезацёчны газ.
На знак салідарнасьці з паплечніцай па няшчасьці і ўсімі затрыманымі маці іншага палітвязьня Мікіты Ліхавіда Алена паклала да скульптуры арханёла Міхаіла букецікі васількоў, набытыя ля вакзала.
Падчас малітвы яшчэ адна маці палітзьняволенага Фёдара Мірзаянава Людміла здагадала паіменна ўсіх ужо асуджаных палітвязьняў і памалілася за свабоду нашай краіны.
Нагадаем, ініцыятыва штодзённай малітоўнай акцыі ля Чырвонага касьцёла, якая атрымала назву “Нельга забыць”, узьнікла стыхійна 19 студзеня падчас акцыі салідарнасьці з арыштаванымі і пацярпелымі пасьля падзеяў Плошчы-2010. Кожны дзень а 20-й гадзіне тут зьбіраюцца людзі са сьвечкамі, кветкамі і партрэтамі палітвязьняў, сьпяваюць і моляцца, запальваюць зьнічкі і ставяць іх ля скульптуры арханёла Міхаіла, якая сымбалізуе перамогу дабра над злом, сьвятла над цемрай, праўды над страхам і хлусьнёй.