У Віцебску сябры аргкамітэту БХД узначалілі шэсьце да Еўфрасіньнеўскага крыжа
3 ліпеня ў Віцебску адбылося шэсьце салідарнасьці ад плошчы Перамогі да Еўфрасіньнеўскага крыжа на Усьпенскай горцы, дзе адбылася штодзённая малітва за палітвязьняў. Пра гэта прэс-службе БХД паведаміла каардынатарка аргкамітэта па Віцебскай вобласьці Тацяна Севярынец.
Тацяна Севярынец распавяла, што на віцебскай плошчы Перамогі – традыцыйным месцы збору ўдзельнікаў маўклівых акцыяў пратэсту па серадах каля 19-ці вечара сабралася прыкладна 300 чалавек. Паводле Тацяны Яўгенаўны, гэта менш, чым звычайна зьбіраецца на серадовыя акцыі. Але гэта можна патлумачыць актыўным запалохваньнем з боку сілавых структураў напярэдадні так званага Дня незалежнасьці.
Некаторыя актыўныя ўдзельнікі і арганізатары віцебскіх акцыяў пратэсту ў сацыяльных сетках былі затрыманыя прэвентыўна, а таксама былі затрыманьні і непасрэдна на плошчы. У прыватнасьці, былі затрыманыя сябры БХД Алесь Галавань, Алег Сурган і Валер Раманенка.
Яшчэ за паўгадзіны да пачатку збору плошчу Перамогі абгарадзілі жалезнымі загарадкамі і ўсталявалі на праходах турнікеты з металашукальнікамі. За сабранымі людзьмі сачылі міліцыянты ў форме і прадстаўнікі сьпецслужбаў у цывільным, здымалі тое, што адбывалася на відэакамеру.
Такім чынам пляскаць у ладкі на самой плошчы наважылася ўсяго некалькі чалавек.
Прыкладна ў 19-30 Тацяна Севярынец з групай моладзі БХД накіраваліся да Еўфрасіньнеўскага крыжа, каб а 20-й распачаць там традыцыйную штодзённую малітву за палітвязьняў і свабоду нашай краіны. Разам зь імі пайшло больш за 100 чалавек.
“Людзі ўспрынялі нашае шэсьце як лагічнае завяршэньне акцыі і пайшлі за намі. Мы прайшлі праз усю так званую вуліцу Леніна, плошчу Свабоды, дайшлі да ратушы, дзе быў канцэрт, і зьвярнулі да Усьпенскага сабору. Перыядычна мы спыняліся на пераходах, скрыжаваньнях і пляскалі ў ладкі.
Калі дайшлі да крыжа, хтосьці сыйшоў, але больш за 50 чалавек далучылася да нашай малітоўнай акцыі. Я распавяла пра гэтую ініцыятыву, пра палітвязьняў. Мы памаліліся, прасьпявалі “Магутны Божа” і скончылі традыцыйным воклічам “Жыве Беларусь – Жыве з Богам!”.
Шмат хто з новых удзельнікаў малітоўнай акцыі казаў, што будзе ўдзельнічаць і надалей, – распавяла прэс-службе БХД Тацяна Севярынец.