“З мэтай узмацнення барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Рэчыцкім раёне…” (Фота)
У Рэчыцкім раёне з 1 ліпеня па 1 жніўня 2011 г. з 21-00 да 8-00 забароненая рэалізацыя алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва ў рознічных гандлёвых аб’ектах. У сваім блогу на гэты конт разважае рэчыцкі каардынатар БХД, народны дэпутат Аляксей Змушко.
Як сказана ў абвестцы, продаж спіртнога абмяжоўваецца “з мэтай узмацнення барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Рэчыцкім раёне”, але не з мэтай аздараўлення насельніцтва горада!
Нязначнае павышэнне коштаў на алкагольную прадукцыю (да 12%) у параўнанні з агульным скачком коштаў прадуктаў харчавання, які ў асобных выпадках перавышае 200%, прыводзіць да замяшчэння больш дасягальным алкаголем менш дасягальных прадуктаў. У рэшце рэшт народ больш п’е, менш думае і адпаведна менш абураецца, а гэта выгадна ўладам і адпаведна можна не звяртаць увагу на п’яных, што валяюцца ў цэнтры горада.
Улічваючы апісаны вышэй узровень “барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Рэчыцкім раёне”, калі на лужку перад, “як мяркуецца”, сур’ёзнай установай амаль у самым цэнтры горада можна ўбачыць такую карціну, усё становіцца зразумела і без слоў.
Але, на самой справе, я не хачу цяпер крытыкаваць улады, наадварот я хачу сказаць вялікі дзякуй!!!
Гандаль вядома страціць выручку ў першыя дні, але агулам гэтага не заўважаць, бо цвярозы чалавек есці хоча мацней.
Вы пайшлі насустрач кампаніі БХД “Моцная сям’я – моцная Беларусь”, якая праводзіцца ў раёне групай неабыякавых да будучыні сваіх суседзяў і сяброў. Дарэчы з ёй жа я балатаваўся ў мясцовы савет дэпутатаў у недалёкім 2010 годзе.
Вы зрабілі крок да Еўрапейскіх каштоўнасцяў, але вось пытанне: ці зможаце Вы пайсці далей і зрабіць гэтае абмежаванне, па часе рэалізацыі, пастаянным? Бо гэты шлях сапраўды можа прывесці да таго, што людзі пачнуць цвяроза думаць, а гэта ў сваю чаргу прывядзе да рэзкага павелічэння незадаволеных бягучым становішчам людзей.