Суткі і штрафы ў Берасьці за “плясканьне далонямі рук”

04 ліпеня 2011 22:28  |  Навіны

У панядзелак 4 ліпеня ў Берасьці за ўдзел у мірных акцыях маўклівага пратэсту па серадах былі асуджаныя сябры аргкамітэту БХД Алесь Чаркашын і Марына Вакульчык. Чаркашын атрымаў 6 сутак адміністратыўнага арышту, а Вакульчык аштрафавалі на 10 базавых велічыняў. Пра гэта прэс-службе БХД паведаміў берасьцейскі гарадзкі каардынатар аргкамітэту Андрусь Любянчук.

Паводле яго словаў, Алесь Чаркашын у пятніцу 1 ліпеня прыйшоў на суд да тых, каго затрымалі ў цэнтры Берасьця падчас маўклівай акцыі пратэсту 29 чэрвеня. Да яго падыйшоў міліцыянт, запатрабаваў пашпарт і загадаў прайсьці для высьвятленьня асобы. Выходныя Чаркашын прасядзеў у ізалятары, і ў панядзелак яго асудзілі ў Маскоўскім судзе Берасьця. Прычым, як мяркуе Любянчук, 6 сутак Алесю Чаркашыну далі з мэтай, каб ён выйшаў толькі ў чацьвер і не мог гуляць у цэнтры Берасьця ў сераду.

 

Студэнтка Марына Вакульчык, была затрыманая ў сераду ў цэнтры Берасьця. На яе склалі пратакол і адпусьцілі, выпісаўшы позву ў суд на панядзелак 4 ліпеня. У пратаколе было напісана, што яна ўдзельнічала ў несакнцыянаваным мерапрыемстве, арганізаваным праз сацыяльныя сеткі, склад адміністратыўнага парушэньня быў апісаны наступным чынам: “хлопала ладонями рук”. Менавіта за плясканьне ў ладкі берасьцейскі суд прысудзіў ёй штраф.

 

Нагадаем, што 2 берасьцейскія сябры аргкамітэту БХД ужо адбываюць адміністратыўныя арышты за ўдзел у акцыях негвалтоўнага пратэсту, арганізаваных праз сацыяльныя сеткі. Берасьцейскі абласны каардынатар Зьміцер Шурхай быў затрыманы напярэдадні серады і  29 чэрвеня быў асуджаны прэвентыўна на 7 сутак арышту. А Юрася Бакура, які паўгады ня быў у Беларусі і прыляцеў 29 чэрвеня самалётам з Казахстану, арыштавалі ў дзень вяртаньня на радзіму ў Менску, асудзілі на 15 сутак і адвезьлі на Акрэсьціна.

Болей навін