Зьміцер Шурхай вызвалены з-пад арышту: “Супраць мяне ажыцьцяўлялася правакацыя”
Шурхай быў затрыманы 28 чэрвеня, напярэдадні чарговай маўклівай акцыі, і пасьля вызваленьня распавёў пра абставіны свайго затрыманьня:
«Спачатку адбывалася, можна сказаць, правакацыя ў адносінах да мяне. Я гэта мог назіраць з вакна памяшканьня, дзе я быў. Бачу, што да маёй машыны падышоў чалавек і наляпіў на кузаў налепку, якая заклікала прыйсьці на маўклівую акцыю ў сераду а 19 гадзіне. Я спусьціўся, сарваў яе і нават не зьвярнуў увагі на гэты факт. Падняўся наверх і бачу — ізноў на маю машыну налепку лепяць. Тут адразу пад’ехала машына ДАІ, у якой сядзелі людзі ў цывільным. Тут я зразумеў, што далей будзе, пакінуў памяшканьне, машыну і сышоў адтуль.
Кілямэтры тры адышоў, і мяне затрымалі людзі ў цывільным. 3 чалавекі затрымлівалі — 2 чалавекі спэцназу ў цывільным, а кіраваў імі супрацоўнік КДБ. Далей ён «сьвяціцца» ня стаў, і ў пратаколе ўжо пазначана, што мяне двое затрымлівалі. Але ён некалькі разоў пры мне па тэлефоне справаздачыўся, што, маўляў, «Шурхая затрымалі».
Затрыманага Зьмітра Шурхая адвезьлі ў Маскоўскі РУУС, дзе на яго склалі пратакол, абвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы і непавазе да грамадзтва.
Падобным чынам напярэдадні маўклівай акцыі 3 ліпеня ў Берасьці былі затрыманыя і асуджаныя актывісты Іван Стасюк, Аляксандр Чаркашын і Артур Анісімаў. Усе яны цяпер пад арыштам. Абвінавацілі іх у нецэнзурнай лаянцы.
Прэвэнтыўныя затрыманьні актывістаў у рэгіёнах напярэдадні значных акцый сталі нормай для праваахоўных органаў. Ізаляцыя найбольш актыўных удзельнікаў маўклівых акцыяў, на думку саміх актывістаў, прывяла да таго, што акцыя 3 ліпеня ў Берасьці сталася надзвычай малалюднай і сабрала ўсяго каля 200 чалавек.