Паляваньне на ўдзельнікаў нядзельнага шэсьця пачалося ў Віцебску
У Віцебску пачалося паляваньне на маладых людзей, якія ўдзельнічалі ў шэсьці ад Плошчы Перамогі да Усьпенскай Горкі, што адбылося ў нядзелю 3 ліпеня. Пра гэта прэс-службе БХД паведаміла віцебская абласная каардынатарка аргкамітэту Тацяна Севярынец.
Паводле яе словаў, увесь час нядзельнае шэсьце суправаджаў чалавек у цывільным зь відэакамерай, а падчас малітвы ля Еўфрасіньнеўскага крыжа на Ўсьпенскай Горцы здымалі ледзь не ў твар. І цяпер гэтыя “аператыўныя” здымкі міліцыянты пачалі адпрацоўваць.
У прыватнасьці, 5 ліпеня да аднаго з удзельнікаў шэсьця студэнта Севы Жураўлёва на здыманую кватэру прыйшоў міліцыянт і склаў пратакол адміністрацыйнага парушэньня па артыкуле 23.34 за тое, што той прыймаў удзел у незаконным шэсьце. Хлопцу паведамілі паведамілі, што праз тыдзень-два яго выклічуць у суд.