Зьміцера Шурхая папярэдзілі пра крымінальную адказнасьць за акцыі ў сацыяльных сетках (Фота дакуманта)
Берасьцейскі абласны каардынатар аргкамітэта БХД, які адначасова зьяўляецца адміністратарам групы “Vkontakte” штосерадовага мірнага пратэсту ў Берасьці, паведаміў прэс-службе пра афіцыйнае папярэджаньне, вынесенае яму падчас апошняга арышту.
У прыватнасьці, Шурхай распавёў : “Падчас адсідкі прынесьлі мне гэтае папярэджаньне, патрабавалі, каб падпісаўся, але я адмовіўся падпісваць, патрабаваў абаронцу. Тым ня менш, яны гвалтам ўперлі мне гэтую паперку, паклікалі бамжоў, каб тыя засьведчылі, што я адмаўляюся падпісваць. З праваабаронцам Раманам Кіслюком мы будзем падаваць скаргу на гэтае папярэджаньне”.
У гэтым папярэджаньні Берасьцейская абласная пракуратура паміж іншага пра адміністратыўную (арт. 23.34) і крымінальную (арт. 342) адказнасьць за арганізацыю масавага несанкцыянаванага мерапрыемства, якое “груба парушае грамадзкі парадак”.
Нагадаем, Зьміцер Шурхай толькі ўчора быў вызвалены з-пад 7-суткавага арышту, да якога яго прысудзілі ў выніку правакацыі берасьцейскіх сілавікоў перад папярэдняй серадой 29 чэрвеня. Падчас сьпецаперацыі па абсалютна незаконным затрыманьні, калі Зьміцера пасьля ўдару нагой у сьпіну, круцілі два сьпецназаўцы, гэбіст, які кіраваў аперацыяй захопу, кінуў Шурхаю: “Ну што, хрысьціянін”. Аднак паводле ілжэсьведчаньняў гэтых сьпецназаўцаў, Бабічава і Жука, асудзілі хрысьціяніна за брыдкаслоўе, папярэдне прымуўшы яго заплаціць штраф за няправільную паркоўку машыны, якую эвакуявалі падчас арышту.