“Ля ўнівермагу Беларусь можна хадзіць у любы дзень, акрамя серады”
7 ліпеня ў судзе Заводскага раёна на 10 сутак быў асуджнаны сябра БХД Яўген Карусейчык, які зусім нядаўна далучыўся да аргкамітэту. Яго ўзялі ў сераду ля ўнівермагу “Беларусь”, адным з месцаў, дзе былі прызначаныя ў сацыяльных сетках акцыі пратэсту з апладыментамі. Сваімі ўражаньнямі для прэс-службы БХД падзялілася стрыечная сястра Яўгена сябра аргкамітэту Марына Хоміч:
“Калі арыштавалі Яўгена, я ўпершыню шчыльна сутыкнулася з нашай карнай сістэмай, з гэтай абуральнай грубасьцю і хамствам. Вельмі уражаная.
У сераду мы зь Яўгенам гулялі ля ўнівермагу Беларусь. Было больш за 100 чалавек. Міліцыянты і сілавікі ў цывільным не давалі нам нават сядзець на адным месцы. Калі мы пачалі пляскаць у ладкі, яны адразу пачалі затрымліваць людзей. Прычым людзі працягвалі пляскаць нават тады, калі пачаліся хапуны. Іх гэта вельмі раз’ятрыла.
Але нас тады не ўзялі, а Яўгена затрымалі, калі мы ўжо сыходзілі, прычым толькі за тое, што ён сфатаграфаваў нешта на мабільны тэлефон. У яго запыталіся пашпарт, але пашпарту ня было, а толькі студэнцкі білет. Білет ім не падыйшоў, яго пасадзілі ў машыну і павезьлі ў Заводскі РАУС.
Увечары ён патэлефанаваў, каб я падвезьла яму пашпарт. Я яшчэ спадзявалася, што высьветліўшы асобу, яго адпусьцяць, і спрабавала давесьці міліцыянтам, што паводле закона на затрыманьне адведзеныя толькі 3 гадзіны.
Але Яўгена не адпусьцілі, а завезьлі аж у Жодзіна. Учора цэлы дзень я была ў Заводскім судзе. На суд прывезьлі больш за 30 чалавек, затрыманых напярэдадні, прычым прывезьлі толькі ў палову на другую. А нам ужо з 10 раніцы казалі, што вывезьлі ў суд. Прычым, усіх трымалі ў судзе безь ежы ажно 20 вечара, пакуль ня скончылі судзіць апошняга, і толькі затым адвезьлі на Акрэсьціна.
Сам суд спачатку нагадваў канвеер: людзей асуджалі на суткі за 2 хвіліны. Толькі ў канцы 2 чалавек судзілі вельмі доўга, відаць, яны дамагаліся юрыдычнай падтрымкі. Сама чытала пратакол адной дзяўчыны, дзе было напісана: “Лаялася матам і хапала міліцыянта за локаць”, хаця яе саму жостка закінулі ў аўтазак.
Вельмі ўразіла і абурыла стаўленьне аховы і судовых міліцыянтаў. Я ледзь выпрасіла, каб Яўгену, які быў затрыманы ў шортах і кароткай суколцы, перадалі кофту, а таксама перадалі людзям пітной вады. Пры гэтым я наслухалася столькі грубасьці і абразаў.
Міліцыянт ля суда, калі я пыталася, ці маю я права прыйсьці да універмагу Беларусь, казаў мне: “Маеш права у панядзелак, аўторак, чацьвер, пятніцу, але ў сераду ля ўнівермагу “Беларусь” хадзіць нельга.”