Таццяну Севярынец прызналі вінаватай за арганізацыю малітвы (фотарэпартаж)
Суд Кастрычніцкага раёну горада Віцебска прызнаў кіраўніцу абласной арганізацыі БХД Таццяну Севярынец вінаватай ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсця 3 ліпеня, калі больш за 100 віцьбічаў, пляскаючы ў ладкі, прайшлі па цэнтральных вуліцах горада і многія з іх прынялі ўдзел у малітве за Беларусь каля Успенскага сабора.
Суддзя Яўген Буруноў сказаў, што на ўласныя вочы пабачыў на апэратыўным відэа, як Таццяна Севярынец арганізоўвала малітву за палітвязьняў, прызнаў яе вінаватай у частцы 2 артыкула 23.34 КоАП і прысудзіў Таццяне Яўгенаўне, як арганізатарцы “несанкцыянаванага шэсця” і малітвы штраф у памеры 20 базавых велічыняў (700 000 беларускіх рублёў).
У суд Таццяна Севярынец прыйшла, падрыхтаваўшыся да “сутак”. Прадстаўніком Таццяны Яўгенаўны ў адміністрацыйным працэсе выступіў яе сын Павал Севярынец, які сам асуджаны за Плошчу-2010 і чакае зараз накіравання “хімію”.
У судзе праглядзелі відэазапісы, зробленыя аператыўнікамі на плошчы Перамогі, падчас руху людзей па вуліцы Леніна і ўласна падчас малітвы каля Еўфрасіннеўскага крыжа на Ўспенскай горцы. Павал Севярынец наконт гэтых відэазапісаў сказаў, што на іх бачнае толькі парушэньне закону з боку міліцыянтаў, якія іх здымалі: на відэа чутна нецэнзурная лаянка супрацоўнікаў, а пляскаць у ладкі і тым больш, маліцца, законам пакуль не забаронена.
Падтрымаць Таццяну Яўгенаўну прыйшлі сябры па партыі, калегі па дэмакратычнаму руху і вернікі. Заключнае слова Таццяны Севярынец было сустрэта воплескамі.
Фота: Радыё Свабода