12 ліпеня праваслаўныя ўшаноўваюць першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла

12 ліпеня 2011 14:59  |  Навіны

Сёньня праваслаўныя вернікі сьвяткуюць адно з галоўных сьвятаў царкоўнага году першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла. Сьвяту папярэднічаў адзін з чатырох працяглых пастоў. «Пятроў пост» — гэта больш вядомая і распаўсюджаная яго назва. Але ёсьць і іншая, якая лепш адлюстроўвае яго сэнс. Гэты пост называюць яшчэ «Апостальскім».

 

Ён пачынаецца амаль адразу (праз тыдзень) пасьля сьвята Пяцідзесятніцы (якое ў народзе яшчэ называецца «Сёмухай»), сьвята падараваньня апосталам надзвычайнай моцы ад Духа Сьвятога для таго, каб несьці ў сьвет Дабравесьце. Але людзі — не марыянэткі для Бога: якую б моц ён не надаваў, за чалавекам застаецца свая частка ўдзелу ў агульнай справе з Богам.

 

Параўнальна з Божай часткай яна, зразумела, нашмат меньшая, але па мерах чалавека з яго слабінамі яна вельмі і вельмі значная. Ад чалавека патрабуецца пэўная падрыхтоўка, канцэнтрацыя веры і ўсёй чалавечай моцы, каб ісьці на гэты подзьвіг — ня проста пайсьці і нешта распавесьці, «паагітаваць», але сутыкнуцца тварам у твар з усёй злосьцю, якая ёсьць пад нябёсамі, і перамагчы гэтую злосьць, і перамагчы ня злосьцю ў адказ, а дабром і любоўю. Вось Апостальскі пост і сымбалізуе неабходнасьць гэтай падрыхтоўкі і канцэнтрацыі духоўнай моцы, бо пост наогул, дарэчы, заўсёды ставіць мэтай такую канцэнтрацыю.

Нам, людзям, Бог шмат што даверыў. Зрабіў так, што ад нас залежыць Ягоная справа, ажыцьцяўленьне Ягоных мэтаў. Мы пакліканы быць Ягонымі апосталамі, несьці Ягонае Слова і Ягоную Праўду ў сьвет. Ён дае нам Свае благаславеньне. А ад нас патрабуецца гатоўнасьць, мужнасьць і адказнасьць.

 

У гэты сьвяточны можна віншаваць кожнага хрысьціяніна, але асабліва тых, хто карыстаецца словам як прыладай ці, калі можна так сказаць, «сродкам інфармацыі». Зычым вам, каб гэтае наша чалавечае слова сталася хаця б нейкім адбіткам Слова з вялікай літары, Слова Таго, Хто дараваў нам магчымасьць дзецьмі Божымі звацца.

Болей навін