Заява аргкамітэта Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”

13 ліпеня 2011 16:19  |  Галоўныя навіны

3 ліпеня 2011г на Прывакзальнай плошчы ў Менску адбыўся гвалтоўны разгон мірных грамадзян, якія моўчкі пратэставалі супраць палітыкі рэжыму. Падчас захопу невядомыя асобы ў цывільным у аўтазак  укінулі цяжарную Кацярыну Радзівілку, якая пыталася, навошта хапаюць людзей, і яе мужа, які спрабаваў заступіцца. У адказ на просьбы затрыманых вызваліць хаця б цяжарную, паводле сведчання відавочцаў, супрацоўнікі невядомых сілавых структураў толькі здзекваліся. Кацярыну прывезлі у райаддзел і трымалі там яшчэ 2 гадзіны. Яе мужа забралі і асудзілі на 10 сутак “за дробнае хуліганства”.

 

У выніку гвалту і стрэсу Кацярына страціла дзіця.

 

Тое, што бандыцкі напад невядомых “праваахоўнікаў” стаў прычынай сьмерці ненароджанага дзіцяці, нельга расцэньваць інакш як ЗАБОЙСТВА.

 

БХД патрабуе расследвання гэтага жудаснага факту. Асобы тых, хто аддаваў загад хапаць невінаватых людзей і тых, хто яго выконваў, мусяць быць высветленыя і пакараныя ў адпаведнасці з законам. Мы перакананыя, што раней ці пазней такое расследаванне абавязкова адбудзецца.

 

Збіццё, прымяненне   грубай фізічнай сілы і спецсродкаў супраць мірных грамадзян Беларусі, якія пляскаюць у ладкі або проста знаходзяцца побач, а таксама беззаконныя суды над імі – крымінальнае злачынства!

 

Сустаршыні БХД: Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Аляксей Шэін, Георгій Дзмітрук

Болей навін