Дабрачынная акцыя для сукамернікаў у Віцебску

13 ліпеня 2011 16:51  |  БХД

Віцебская абласная каардынатарка аргкамітэту БХД Таццяна Севярынец і сябра аргкамітэту Зміцер Пчолкін, якія на мінулым тыдні былі затрыманыя і правялі ноч у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня, зладзілі дабрачынную акцыю для сваіх сукамернікаў. Яны перадалі перадачы для тых людзей, з якімі ім давялося пазнаёміцца ў гэтым сумным месцы.

У інтэрв’ю прэс-службе БХД Таццяна Севярынец распавяла: “Мы набылі вады, цукерак, сабралі адзеньня, а таксама Новы Запавет з Псалмамі, атрымалі дазвол у адміністрацыі ізалятара і перадалі гэта ўсё для сваіх “непалітычных” сукамернікаў. 

У прыватнасьці, у маёй камеры было 2 жанчынкі з Украіны і Расеі, якіх рыхтуюць на дэпартацыю. Яны  сядзяць там ужо больш за паўгады, бо няма ў іх дакумантаў. Яны не маюць тут ні сваякоў, ні знаёмых, таму перадачы прынесці няма каму. У іх нават зменнай ніжняй бялізны няма, проста памыюць тое, што на сабе, і апрануць назад.

Калі я да іх патрапіла, мы размаўлялі з імі пра Бога, маліліся разам. Таму вось Гасподзь на сэрца паклаў не пакідаць іх у бядзе. Я нават троху расстроілася, калі мяне ў панядзелак не пасадзілі, бо спадзявалася патрапіць да іх ізноў, і зьбірала рэчы ня столькі сабе, колькі ім. Дзякуй Богу, што далі дазвол, хоць мы і не сваякі, ім гэтыя рэчы перадаць.”

 

Нагадаем, суд Кастрычніцкага раёну горада Віцебска ў панядзелак 11 ліпеня прызнаў Таццяну Севярынец вінаватай ў арганізацыі 3 ліпеня несанкцыянаванага шэсця і малітвы каля Успенскага сабора і прысудзіў ёй штраф у памеры 20 базавых велічыняў (700 000 беларускіх рублёў). 

 

Дабрачынная акцыя для сукамернікаў у Віцебску

Болей навін