Вялікабрытанія “плануе ўважліва прааналізаваць” сітуацыю ў Беларусі напярэдадні разгляды пытання аб візавых санкцыях ЕС у дачыненні беларускіх службоўцаў
Вялікабрытанія плануе ўважліва прааналізаваць сітуацыю ў Беларусі напярэдадні разгляды ў лістападзе пытання аб візавых санкцыях Еўрасаюза ў дачыненні беларускіх службоўцаў. Аб гэтым у інтэрв’ю БЕЛАПАН паведаміла амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Размары Томас.
“ЕС жадае больш цесна ўзаемадзейнічаць з Беларуссю на аснове агульных мэт і каштоўнасцяў. Я спадзяюся, што ў перыяд маёй працы ў Менску мы ўбачым рэальны прагрэс у гэтай вобласці і зможам выйсці за рамкі абмеркавання гэтых санкцый”, – сказала яна.
Томас адзначыла, што ў сёння усе краіны ЕС аналізуюць сітуацыю ў Беларусі, таму “пакуль рана рабіць прагнозы” аб тым, якое рашэнне Рада ЕС можа прыняць у лістападзе.
Пры гэтым амбасадар падкрэсліла, што ЕС не чакае, што ў Беларусі “будзе зроблена ўсё адразу”. “Тое, што мы жадалі бы бачыць, – гэта паслядоўны прагрэс у палітычнай лібералізацыі ў Беларусі, – падкрэсліла Томас. – У нас зараз ідзе вельмі важны дыялог. Наша задача зараз – працаваць разам, каб выкарыстаць усе тыя магчымасці, якія існуюць”.
Па словах Томас, у ЕС ёсць карысная праграма “Усходняе партнёрства”. “Трэба скарыстацца гэтай праграмай. Калі нам атрымаецца зрабіць гэтую стратэгію паспяховай, яна зможа прынесці значную карысць, у тым ліку паглыбленне гандлёвых адносін, падаванне тэхнічнай і эканамічнай дапамогі і ў перспектыве магчымасць палягчэння візавага рэжыму. Але мне падаецца, што тэмпы рэалізацыі гэтай праграмы і яе поспех у цэлым – пытанне для беларускіх улад”, – сказала амбасадар.
Томас таксама паведаміла, што ў першай палове 2010 года амбасада Вялікабрытаніі будзе выконваць у Беларусі функцыі старшыні ЕС ад імя Іспаніі.