Яўгена Васьковіча не пусцілі на разгляд касацыйнай скаргі
14 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі Яўгена Васьковіча на рашэннне суду, які засудзіў яго да сямі гадоў пазбаўлення волі. У судзе прысутнічаў толькі адвакат актывіста Аляксандр Галіеў. Яўгена Васьковіча ў суд не пусцілі.
Паседжанне суду распачалося а 10-й гадзіне і цягнулася прыкладна 50 хвілін, хоць апроч скаргі Яўгена Васьковіча разглядаліся скаргі яшчэ двух фігурантаў справы аб падпале будынку КДБ у Бабруйску.
Суддзя не ўлічыла ні довадаў адвакатаў, ні пісьмовыя заявы падсудных і пакіунула прысуд без зменаў. Такім чынам, з 14 ліпеня ён уступіў у законную моц. Разам з тым рыхтуецца да падачы наглядная скарга, каб выкарыстаць усе магчымасці для перагляду рашэння суду.
У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасьля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Пракурор даводзіла, што дзеяньні падсудных маглі прывесьці да зьнішчэньня ўсяго будынка КДБ. Страты маглі скласьці блізу двух мільярдаў рублёў. Рэальныя ж страты ад нападу склалі 253 тысячы рублёў, і гэтыя грошы ўжо выплацілі. Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб учыненым. Ён назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго сьвяты абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасьці. “За іх я ўмерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а радзіма вечная”, казаў хлопец. Яго не спалохаюць цяжкасьці, і ён з годнасьцю іх пройдзе. Скончыў свой кароткі выступ Васьковіч воклічам: “Жыве Беларусь!”. Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зьняволеньня калёніі ўзмоцненага рэжыму. Зараз ён знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 15 у Магілёве.
Хаця хрысьціянскія дэмакраты не падтрымліваюць анархічных мэтадаў, наш абавязак – маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: “ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым., 12:21).