Наваполацкага актывіста БХД будуць судзіць за распаўсюд незалежнай прэсы
У Наваполацку ў панядзелак, 18 ліпеня, а 15-й гадзіне адбудзецца суд над мясцовым актывістам аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Міколам Чартковым. Яго вінавацяць у распаўсюдзе незалежнай прэсы, за што пагражае штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў.
“Мяне затрымалі 10 ліпеня каля 10:30. Завезлі ў пастарунак, дзе пачалі вінаваціць у распаўсюдзе незалежнай прэсы. Я сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ніякія пратаколы падпісваць не буду. Тады мяне звінавацілі ў брыдкаслоўі, завезлі ў суд, які пастанавіў, што я павінен выплаціць 70 тысяч рублёў”, – адзначыў актывіст.
“Але на гэтым справа не скончылася. Мяне ўсё-ткі звінавацілі ў распаўсюдзе незалежнай прэсы. Прычым сведкамі выступаюць міліцыянты і намеснік начальніка па ідэалагічнай працы “Паліміра” Брыкун. 18 ліпеня мае адбыцца суд. Сваёй віны я па-ранейшаму не прызнаю”, – сказаў Мікалай Чарткоў.
Разам з тым 15 ліпеня за ўдзел у акцыі маўклівай салідарнасці да штрафу ў памеры 70 тысяч рублёў асудзілі Наваполацкага каардынатара БХД Алега Крайко, якога затрымалі 13 ліпеня.