Зміцер Дашкевіч за кратамі адзначае сваё трыццацігоддзе
Лідар Маладога фронту быў затрыманы побач з уласнай кватэрай за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. Праз 10 дзён палітыка абвінавацілі ў нападзе на двух раней судзімых за наркотыкі супрацоўнікаў міліцыі, а 23 сакавіка суддзя Алена Шылько асудзіла маладафронтаўца да двух год пазбаўлення волі.
Сёння, у дзень народзінаў свайго лідара, актывісты Маладога фронту прэзентавалі новы дызайн сайту арганізацыі, праз галоўную старонку якога запрашаюць усіх дасылаць Дашкевічу віншавальныя тэлеграмы.
– Да дня народзінаў Змітра Дашкевіча мы вырашылі стварыць новы дызайн сайта. Падарункі ў турму перадаць немагчыма, таму мы стварылі вось такі падарунак. Мы ведаем, што Зміцер вельмі ўсцешыцца калі нават проста пачуе пра новы дызайн, не кажучы ўжо пра тое, калі ён пабачыць яго. На сайце створана адмысловая старонка, прысвечаная сённяшняму дню – 20 ліпеня, калі Зміцер Дашкевіч сустракае свой 30-гадовы юбілей за кратамі. Мы заклікаем дасылаць паштоўкі палітвязню, каб выказаць салідарнасць і павіншаваць яго.
Па словах маладафронтаўцаў, даслаць віншавальную паштоўку Дашкевічу можа любы ахвочы на адрас 213410, горад Горкі, вуліца Дабралюбава, 16, папраўчая калонія №9.