Гомельскія сябры БХД збіраюць подпісы за зняцце з эфіру “Бітвы экстрасэнсаў”
Гомельскія вернікі хрысціянскіх дэнамінацый, у тым ліку сябры аргкамітэту па стварэнні “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”, збіраюць подпісы пад зваротам да кіраўніцтва тэлеканала «Лад» аб зняцці з эфіру перадачы “Бітва экстрасэнсаў”.
Ініцыятыва зыходзіла ад сябраў БХД. Да яе далучыліся таксама гомельскія каталікі, якія з 17 ліпеня сабралі больш за 60 подпісаў пад зваротам.
“Гэта не патрабаванне, а просьба да кіраўніцтва тэлеканала. Такія перадачы прыносяць шкоду чалавеку. Людзей цягнуць у свет, які не дае чалавеку нічога добрага, а наадварот, разбурае чалавечае сэрца. Такія перадачы могуць аказаць уплыў на псіхічна слабых людзей, а потым такім людзям вельмі цяжка дапамагчы.Гэта не забаўка, і жыццё чалавека – не забаўка, жыццё – гэта сур’ёзная рэч. З хрысціянскага пункту гледжання, згодна з Божымі запаведзямі нельга займацца такімі рэчамі”, – заявіў у інтэрв’ю БелаПАН пробашч гомельскай рымска-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці ксёндз Славамір Ласкоўскі.
Збор подпісаў будзе весціся да 31 ліпеня, затым зварот перададуць у дырэкцыю тэлеканала «Лад». Зрэшты, як стала вядома БелаПАН, тэлеканал у бліжэйшы час пакажа апошнюю перадачу «Бітва экстрасэнсаў» з закупленых для эфіру.