У Берасце зноў затрыманы Зміцер Шурхай (абноўлена)
Як стала вядома БелаПАН, ў 19.10 на вуліцы Брэсцкіх дывізій быў затрыманы Зміцер Шурхай – кіраўнік Берасцейскай абласной арганізацыі аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
На чарговую акцыю маўклівага пратэсту ў Брэсце прыйшло прыкладна 40 чалавек. Яны сабраліся каля кінатэатра «Беларусь», паапладыравалі ў 19.30 і разышліся.
Праз 2 гадзіны Зміцер быў вызвалены.
Вось як ён пракаментаваў прэсавай службе БХД сваё затрыманне:
“Я не збіраўся ўдзельнічаць у акцыі. Мяне затрымалі каля 18:50 далёка ад месца правядзення акцыі – у кіёску майго сябра індывідульнага прадпрымальніка. Нечакана да кіёску падбеглі спецназаўцы. Яны сказалі, каб я выходзіў, бо выклікаў у іх нейкія падазрэнні. Больш яны нічога не тлумачылі, не складалі ніякіх пратаколаў і рапартаў. Але ў цэлым спецназаўцы ставіліся да мяне нармалёва. Мой сябар, былы спецназавец, сказаў, што забраць мяне яны змогуць толькі праз яго, але яны далі слова спецназа, што мяне сёння ж выпусцяць. Мяне завезлі ў РАУС Ленінскага раёна, адкуль адпусцілі праз дзве гадзіны”, – адзначыў Зміцер Шурхай.
“Думаю, што ўлады ведалі, што я не збіраўся ўдзельнічаць у акцыі. Тым не менш, на ўсялякі выпадак яны вырашылі мяне затрымаць, каб я не змог каардынаваць дзеянні пратэстоўцаў”, – паведаміў берасцейскі каардынатар БХД.