Кардынал Казімір Свёнтэк адышоў у вечнасць
Cёння, 21 ліпеня 2011 г., а 9 гадзіне раніцы на 97-ым годзе жыцця адышоў у вечнасць кардынал Казімір Свёнтэк. Памолімся аб вечным супакоі ахвярнага пастыра нашай зямлі. Кардынал Свёнтэк знаходзіўся ў пінскай бальніцы з 10 марта.
Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Эстоніі ў Вальку, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было 3 гады, яго сям’ю саслалі ў Сібір. Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 г. у тамтэйшай катэдры ён быў высвечаны на святара і скіраваны на працу ў Пружаны. У выніку пераследавання рэлігіі ён быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Два месяцы знаходзіўся ў камеры смерці. Вайна, якая распачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 1944 г. малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты.
Выйшаўшы на волю ў 1954 г., ён апынуўся ў Пінску. Нарэшце настала доўгачаканая хвіліна, калі можна было адправіць святую Імшу ў касцёле.
Дзякуючы самаадданай і ахвярнай працы ксяндза Казіміра Свёнтка адбудавана пінская катэдра — напэўна, гэта была адна з першых адбудаваных святыняў на Беларусі. Адбудоўваючы пінскую катэдру, ксёндз Казімір перадусім думаў і рабіў усё магчымае, каб будаваць жывы Касцёл — Народ Божы, жывымі камянямі якога з’яўляюцца вернікі.
Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў прынеслі доўгачаканую свабоду рэлігіі.
Пастырская актыўнасць кс. прэлата Казіміра Свёнтка, яго адданасць справе Касцёла, незвычайныя арганізатарскія здольнасці, аўтарытэт і пашана сярод святароў не засталіся не заўважанымі Апостальскаю Сталіцаю. Святы Айцец Ян Павел ІІ у 1991 г. прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.
Ва ўзросце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэнне. Ён візітуе парафіі, устанаўлівае дэканаты, стварае патрэбныя для Касцёла структуры, бароніць правы вернікаў, актыўна ўдзельнічае ў Сінодзе Біскупаў у 1991 г., у пасяджэннях Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і іншых касцёльных арганізацыях, у міжнародных форумах, канферэнцыях і г. д. Ён з’яўляецца сведкам пераследвання каталіцкай веры і яе адраджэння на Беларусі.
У 1994 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ надае яму тытул кардынала — найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касцёле. Гэта прызнанне заслугаў не толькі таленавітага святара і біскупа, але і мужнага сведкі веры. Гэта таксама прызнанне пазіцыі Касцёла на Беларусі і ягонай ролі ў сусветным Касцёле.
Кардынал Свёнтэк яшчэ з большай энергіяй і адвагай складае праграму адраджэння духоўнасці і падрыхтоўкі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі да Вялікага Юбілею 2000 года. У гэтай праграме асаблівае месца прысвечана розным пастырскім праграмам, адбудове святыняў і найперш мінскай архікатэдры, а таксама працы Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Пінскай і Віцебскай (якая далучылася да Сіноду пасля яе ўтварэння) дыяцэзій, які кардынал распачаў у 1996 г. Знамянальны дэвіз Сіноду: «Усё аднавіць у Хрысце».
11 лютага 1999 г. кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны першым Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — гэта падкрэслівае яго вядучую ролю ў Касцёле і ў краіне.
27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардынару Казіміру Свёнтку, арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI.
14 чэрвеня 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, прадстаўленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права, кан. 401, § 1.
21 ліпеня 2011 года а 9 гадзіне Кардынал Казімір Свёнтэк адыйшоў у вечнасць.
У суботу, 23 ліпеня 2011 г., цела спачылага кардынала Казіміра Свёнтка будзе прывезена ў мінскую архікатэдру (пл. Свабоды, 9). У 13.00 распачнецца жалобнае набажэнства, пасля якога адбудзецца развітанне душпастыраў і вернікаў з памерлым іерархам.
У панядзелак, 25 ліпеня 2011 г., у пінскай катэдры (вул. Леніна, 18) адбудзецца пахаванне кардынала Казіміра Свёнтка. Цырымонія распачнецца ў 12.00. Вечны адпачынак дай яму, Пане!
Парэшткі кардынала Свёнтка будудзь складзены ў мармуровым саркафагу ў пахавальнай крыпце пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе некалі таксама быў пахаваны першы біскуп Беларусі Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі. Пазней рэліквіі біскупа Лазінскага былі перанесены у спецыяльную капліцу пінскай катэдры.