Рымашэўскі не змог азнаёміцца с матэрыяламі сваёй справы: улада хавае іх ад грамадскасці

21 ліпеня 2011 18:33  |  Палітыка

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі напярэдадні разгляду 22 ліпеня Менскім гарадскім судом касацыйнай скаргі Уладзіміра Някляева на справу, якая тычыцца таксама яго, вырашыў азнаёміцца з матэрыяламі следства, але яму не дазволілі гэта зрабіць.

 

“Я збіраўся сфатаграфаваць свае паказанні і паказанні некаторых сведак. На што атрымаў адмову. Спачатку мне заявілі, што матэрыялы знаходзяцца ў суддзі, але пасля высветлілася, што яны былі ў канцылярыі. Яны нават былі перавязаныя. Затым супрацоўнікі суду ўвесь час запытвалі, чаму мне патрэбны той ці іншы том справы і ці не па гадзіне высвятлялі, ці магу я іх прагледзець. Затым яны стаялі нада мной і ўсяляк заміналі вывучаць справу. Калі я запытаў ці магу фатаграфаваць старонкі, мне спачатку не забаранілі, а затым сказалі, што для гэтага трэба пісаць зварот з указаннем канкрэтных старонак, якія я хачу сфатаграфаваць”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

 

“Улады хаваюць матэрыялы ад беларускай грамадскасці. Першую прычыну я бачу ў тым, што яны баяцца, што людзі пабачаць, што абвінавачванні ні на чым не грунтуюцца. Другую – у тым, што ўлады надалей намераныя фальсіфікаваць матэрыялы справы”, – лічыць сустаршыня БХД.

Болей навін