Вольга Хіневіч: на Акрэсціна нас сустракалі апладысментамі
Сяброўка аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Вольга Хіневіч, якую 20 ліпеня разам з мужам і свёкрам затрымалі падчас акцыі маўклівага пратэсту, распавяла прэсавай службе БХД пра сваё затрыманне, знаходжанне ў турме і суд, які пакараў яе штрафам у 20 базавых велічынь.
“На акцыю прыйшлі, даведаўшыся з інтэрнэту, што яна пройдзе на Кастрычніцкай плошчы. Нас ачапілі спецназаўцы. Мой муж Уладзімір патрапіў у ачапленне і насупраць Палацу Рэспублікі яго затрымалі. Мы, я і Люба Каменева, здолелі ўцячы ў нейкі двор. Затым нас зноў атачыў спецназ і пачаў хапаць. Мне падалося, што Любу схапілі і, каб мяне не білі і не дакраналіся да мяне, я закрычала, што сама пайду ў аўтобус”, – адзначыла Вольга Хіневіч.
“У аўтобусе нас было 16 чалавек: я, мой свёкар, маці Мікіты Ліхавіда і іншыя. Перасадзіўшы ў іншы аўтобус, нас адвезлі ў Цэнтральны РАУС. Там нас паставілі тварам да сценкі на адлегласці 1,5 метра адзін ад аднаго. У РАУСе нам ніхто нічога не тлумачыў, а ў пратаколе (я была ў шоку!) нас звінавацілі ці не ў арганізацыі масавых пратэстаў! З іх словаў, мы прыйші праз сацыяльныя сеткі, пляскалі ў ладкі, грукалі нагамі і крычалі. Не ведаю, ці дазволена такое, але пры выняцці рэчаў у мяне панятой была жанчына-міліцыянтка. Увогуле ж, пакуль не было начальніка Грышчанкі, да нас ставіліся нармалёва, дазвалялі размаўляць і нават тэлефанаваць. Разам з тым спецназаўцы насамрэч лічаць нас бандытамі, з імі бессэнсоўна размаўляць”, – паведаміла затрыманая актывістка БХД.
“У РАУСe ніхто не ведаў, што з намі рабіць, на нас крычалі, сварыліся. Так, мяне з мужам адзін міліцыянт cпачатку выгнаў з залі, дзе ўсе сядзелі, на калідор, затым другі завёў нас праз іншыя дзверы ў тую ж залю. У нас пыталіся, ці былі сярод нас журналісты, двух непаўнагодовых адпусцілі. Адна жанчына заявіла, што ў яе ёсць сувязі, тады і яе адпусцілі. Нас усіх дапыталі, зрабілі дактыласкапію, сфатаграфавалі. Допыты цягнуліся прыкладна да 1:00, затым нас павезлі на Акрэсціна. Там кожнаму выдалі на суткі кавалак мыла памерам 1 на 1 сантыметр і кавалак туалетнай паперы даўжынёй 50 сантыметраў. На Акрэсціна нас усіх зноў агледзелі, запісалі і адвялі ў камеры – у адну мужчын, а ў другую жанчын. Калі праходзілі ў свае камеры, людзі з іншых камераў пляскалі нам у ладкі. Міліцыянты нам сказалі маўчаць і спаць, але натуральна, што было не да сну”, – распавяла Вольга Хіневіч.
“На заўтра нас павезлі ў суд. Я думала, што мне, як мужу і свёкру дадуць суткі, але суддзя, паколькі ў мяне малы дзіцёнак, вырашыла абмежавацца штрафам. Сведкамі ў мяне былі два міліцыянты, якія мяне не затрымлівалі і не маглі сказаць, ува што я была апранутая. Адзін з іх сказаў, што схапіў мяне за рукі і павёў у аўтобус. Але я абвергла яго, бо я сама пайшла ў аўтобус і гэта добра бачна на відэа. Я не верыла, што ў нас настолькі ўсё дрэнна ў судах, я была ў шоку”, – распавяла рэпрэсаваная актывістка.
“У камеры мы вельмі пасябравалі з дзяўчатамі. Я хачу і надалей падтрымліваць з імі адносіны. Я паспрабую зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць іх у турме, буду насіць перадачы і іншае”, – падкрэсліла Вольга Хіневіч.