Суд па справе палітуцекача Андрэя Жукаўца перанесены

22 ліпеня 2011 09:39  |  Навіны

Судовае пасяджэнне па справе беларускага палітуцекача і прадпрымальніка Андрэя Жукаўца, якое як чакалася пройдзе 20 ліпеня, Беластоцкі раённы суд адтэрмінаваў да 29 ліпеня. Справа Андрэя Жукаўца цягнецца ўжо 10 гадоў.

 

Беларускі бок абвінавачвае прадпрымальніка ў выманьванні крэдытаў . На аснове беларускіх абвінавачванняў, і сфальшаваных перакладаў беларускіх дакументаў пракуратура ў Беластоку распачала крымінальную справу, – гаворыць Андрэй Жукавец:

 

– Суд паслугоўваецца сфальшаванымі перакладамі і доказамі. Польскі суддзя пастанавіў паехаць у Беларусь і супрацоўнічаць з беларускімі судовымі органамі. Звяртаўся да суддзі Шыманскага з Беластока, каб выключыць гэтых перакладчыкаў і прадаставіў пастанову акруговай пракуратуры ў Любліне, якая пастанавіла што пераклады фальшывыя. Але суддзя невядома чаму затрымлівае гэты працэс. Судзяць мяне на падставе гэтых фальсіфікацыяў, не ведаю чаму.

 

Андрэй Жукавец неаднаразова звяртаў увагу на тое, што пераклад дакументаў з Беларусі быў сфальшаваны, аднак ягоныя хадайніцтвы або былі адхілены, або заставаліся без адказу. Такі ход падзеяў былы бізнесовец звязвае з тым фактам, што перакладчыкам ягоных дакументаў быў Уладзіслаў Праховіч, які зараз займае пасаду дырэктара Радыё Беласток.

 

Судовае пасяджэнне па справе Андрэя Жукаўца пройдзе 29 ліпеня ў 9 гадзінаў у беластоцкім Раённым судзе.

Болей навін