Брэсцкі абласны суд задаволіў скаргу актывіста БХД
Брэсцкі абласны суд задаволіў скаргу актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзмітрыя Шурхая. Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, 21 ліпеня аблсуд адмяніў пастанову суда Маскоўскага раёна Брэста і накіраваў адміністрацыйную справу актывіста на новы разгляд.
«Шурхай не згодны з пастановай суда ад 29 чэрвеня 2011 года, які налажыў адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышту тэрмінам на сем сутак згодна з артыкулам 17.1 КоАП. У суд ён падаў дадатковыя доказы аб незаконнасці і неабгрунтаванасці вынесенай ў дачыненні да яго пастановы, а таксама доказы парушэння грамадзянскіх правоў падчас складання пратакола аб адміністрацыйных правапарушэннях і падчас разгляду справы ў судзе», — сказаў праваабаронца.
У прыватнасці, як сцвярджаў актывіст, было відаць, што пратакол складалі некалькі асоб, хоць пад дакументам стаяў подпіс аднаго супрацоўніка міліцыі.
«Акрамя гэтага, суд не даследаваў змест тых нецэнзурных слоў, якія, паводле паказанняў супрацоўнікаў міліцыі, нібы сказаў Шурхай. Актывіст лічыць, што на раённы суд быў аказаны ўціск і справа аб адміністрацыйных правапарушэннях супраць яго было сфабрыкаваная супрацоўнікамі міліцыі для таго, каб арыштаваць і ізаляваць на час правядзення маўклівай акцыі пратэсту ў Брэсце 29 чэрвеня. Шурхай лічыць, што гэта помста за выказванне поглядаў, якія адрозніваюцца ад пазіцыі дзейнай выканаўчай улады», — сказаў Кісляк.
Шурхай быў затрыманы 28 чэрвеня на вуліцы Янкі Купалы ў Брэсце і дастаўлены ў Маскоўскі РАУС. Там у дачыненні да актывіста аргкамітэта БХД быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
«Сярод адміністрацыйных спраў у сувязі з маўклівымі акцыямі пратэсту гэта першая, пастанова па якой адменена абласным судом», — падкрэсліў праваабаронца.