Тацяна Севярынец просіць кіраўніцтва горацкай калоніі палегчыць жыццё Змітра Дашкевіча
Таццяна Севярынец, лідарка “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” па Віцебскай вобласці, маці палітыка-палітвязня Паўла Севярынца, просіць кіраўніка горацкай калоніі палегчыць жыццё Змітра Дашкевіча:
Паважаны спадар Кавалёў А.М, (Прабачце, не ведаю дакладна Вашае імя) Але ведаю, што ў падначальнай Вам папраўчай ўстанове знаходзіцца Дашкевіч Зьміцер Вячаслававіч. Гэта цудоўны малады чалавек, адукаваны і мужны, які мае гонар і пачуццё асабістай годнасці.
Менавіта за гэта ён у вас і знаходзіцца, а не за тое, што ён нібыта учыніў. Гэта няпраўда ўсё няпраўда і справа цалкам сфальсіфікаваная таму шмат доказаў, а доказаў ягонай віны няма. Яшчэ раз кажу вам: Дашкевіч – гэта святло і надзея, будучыня нашай Беларусі. Ён мае смеласць думаць інакш і выказваць свае думкі. На жаль, такія людзі небяспечны для нашай сённяшняй улады. Такіх людзей ўлада чамусьці баіцца, хаця на яе баку і войска, і міліцыя і карныя ворганы.
Пішу вам як маці, спадзяюся на вашае сумленне і міласэрнасць. Магчыма, Вы самі бацька. Каб у вас былі такія сыны, як Дзімка, Вы б ім толькі ганарыліся . Чалавек , які змог у “Маладым Фронце ” моладзь адлучыць ад паліва, алкаголю, разбэшчанасці, які сапраўдны вернік і жыве па хрысціянскіх прынцыпах, які баіцца толькі Бога — не злачынца!
Калі Вы сапраўдны беларус, чалавек і паважаеце сябе, зрабіце, калі ласка, усё магчымае, каб у Вашай установе не здзекваліся над Дашкевічам, каб умовы ўтрымання для яго былі не горшыя, чым для іншых. Сядзіць ён ні за што! І Вы мусіце гэта разумець.
Зламаць яго нікому не ўдасца. Фізічна можна яго скалечыць, знішчыць, але дух наймацнешы.
Вельмі Вас прашу зрабіць для Зьмітра Дашкевіча ўсё, што ў Вашых сілах, няхай Бог будзе міласцівы і да Вас, і да Вашых родных. Я буду маліцца за гэта.
У Вас суровая і цяжкая пасада, але і на ёй можна заставацца годным чалавекам. Вельмі спадзяюся, што Вы зможаце палегчыць лёс Зьміцера.
Таццяна Севярынец, малі палітзняволенага Паўла Севярынца.