Куды працаўладкуюць Паўла Севярынца?

28 ліпеня 2011 17:21  |  Галоўныя навіны

У бліжэйшыя дні павінна вырашыцца, дзе канкрэтна сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец будзе адбываць пакаранне.

“Пакуль гэтае пытанне не вырашана, — сказаў Павел “Народнай Волі”. — Я знаходжуся пад падпіскай аб нявыездзе, не маю на руках пашпарта. Адлік майго тэрміна распачнецца толькі пасля адпраўкі на “хімію”. Магчыма, кагосьці такое маё становішча задавальняе…”.

 

Аднак, не чакаючы афіцыйнага накіравання ў месца адбыцця пакарання, Севярынец сам знайшоў месца, дзе быў бы гатовы адбываць “хімію”. 

“У Беларусі ёсць такая практыка: калі чалавек, асуджаны да “хіміі”, прыносіць паперу аб тым, што нейкая арганізацыя гатова ўзяць яго на працу, яго туды і накіроўваюць. Мяне гатова ўзяць на працу афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя “Хрысціянская дзелавая ініцыятыва”. Але ў маім выпадку гэта фармальны шлях. Наўрад ці ў мінскім дэпартаменце выканання пакаранняў, дзе зараз знаходзяцца паперы аб тым, што мяне гатовы ўзяць на працу, пойдуць мне насустрач. Хутчэй за ўсё мне будзе наканаваны іншы шлях.  Паўтаруся, усё павінна вырашыцца ў самы бліжэйшы час…”.

 

Нагадаем, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя”,  кіраўнік выбарчага штаба Віталя Рымашэўскага Павел Севярынец прызнаны вінаватым у арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, і прыгавораны да трох гадоў “хіміі”.  Касацыйная скарга палітыка пакінута без задавальнення. Такім чынам, прысуд уступіў у сілу.

 

Зараз Севярынец, знаходзячыся пад падпіскай аб нявыездзе, жыве ў Віцебску — па месцы рэгістрацыі. 

Болей навін