Выбарчая кампанія стварыла новую беларускую сям’ю (фота)
У нядзелю, 31 ліпеня, у Менску ў грэка-каталіцкім рэлігійна-адукацыйным цэнтры святога Язэпа адбыўся шлюб вядомага беларускага журналіста і грамадска-палітычнага дзеяча Вадзіма Александровіча з перакладчыцай і выкладчыцай Таццянай Тулуш.
Шлюбаваў маладых а.Аўген Усошын. Сведкамі на шлюбе былі кіраўнік моладзевага аб’яднаньня “Рух “Маладая Беларусь” Зміцер Каспяровіч і сяброўка нявесты з Барысава Наталля Карсакова. Павіншаваць і падзяліць радасць прыйшлі сябры з БХД.
“Мы з Таццянай былі знаёмыя даўно. Дзяўчыны зазвычай выглядаюць маладзей, чым яны ёсць на самой справе. У мінулай перадвыбарчай кампаніі мы абодва ўдзельнічалі ў зборы подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты, у тым ліку за Віталя Рымашэўскага. Дзякуючы гэтаму я здолеў даведацца сапраўдны ўзрост Таццяны і ўсвядоміў, што ў мяне ёсць шанцы пазмагацца за яе. У вечары 19 снежня 2010 года яна апранула на мяне крыжык, які ўбярог мяне ад збіцця і затрымання на Плошчы. Затым, калі мяне затрымалі на офісе БХД, мы абмяняліся смскамі з прызнаннямі ў каханні”, – паведаміў Вадзім Александровіч.
Вадзім Александровіч з’яўляецца аглядальнікам штотыднёвіка “Белорусы и рынок”. У 1990-я ён быў сябрам рады партыі “Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць”, затым уваходзіў у склад Моладзевага хрысціянска-сацыяльнага саюза.
Таццяна Тулуш-Александровіч працуе выкладчыцай у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Беларускім калегіюме. У БДУ яна з’яўляецца адзіным спецыялістам, які выкладае ангельскую мову пасродкам беларускай.
Шчыра віншуем маладых! Жадаем Божай ласкі, моцнай сям’і, узаемаразумення.
Браты і сёстры з БХД!