Змітру Дашкевічу зноў не даюць сустрэцца з адвакатам
Супрацоўнікі Горацкай калоніі 2 жніўня ў чарговы раз не дазволілі палітвязню, кіраўніку Маладога Фронту Змітру Дашкевічу сустрэцца за сваім адвакатам Мар’янай Сямешкай. Пра гэта прэсавай службе БХД паведаміла Наста Палажанка.
Разам з адвакатам да калоніі ў Горкі ў складзе аўтапрабегу прыбыло некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку сябар управы Беларускай Хрысціянская Дэмакратыі Вадзім Кабанчук. “Мы не будзем разыходзіцца, пакуль Зміцер не сустрэнецца з адвакатам. Прынамсі сёння ніхто дакладна не збіраецца ад’язджаць”, – паведаміла намесніца старшыні МФ і сябра Нацыянальнай Рады БХД Наста Палажанка.
“Мы прыбылі недзе а 12:30 і чакалі, пакуль у калоніі скончыцца абед. Адміністрацыя паведаміла, што сустрэча з адвакатам немагчымая, бо Зміцер не пісаў для гэтага заяву. Насамрэч, ніякая заява для сустрэчы з адвакатам непатрэбная. Але, калі ім так хочацца, каб Зміцер напісаў заяву, дык хай бы пайшлі да яго і запыталі, ці ён хоча сустрэцца і ці будзе пісаць заяву”, – адзначыла яна.