Дземідзенку ў Дрыбіне асудзілі на 17 сутак, Палажанку – на 12, Скрабца – на 10, Шурхая ў Горках адпусцілі да суда (Абноўлена)
У Дрыбіне а 18-й гадзіне пачаўся суд над удзельнікамі акцыі салідарнасці з лідэрам “Маладога Фронту” і сябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Змітром Дашкевічам у Горках, у тым ліку над сябрам БХД Яўгенам Скрабцом і сустаршынёй МФ Міколам Дземідзенкам. Пра гэта прэсавай службе БХД паведаміла Ганна Шапуцька, маці затрыманай прэс-сакратаркі “Маладога Фронту” Тацяны Шапуцькі.
На той момант журналісты і шмат якія людзі, якія прыехалі падтрымаць затрыманых, з’ехалі з Дрыбіна. Суд вядзе дзяжурны суддзя з Горак, які працуе да 20-й гадзіны. “Яны чакалі, пакуль мы ўсе з’едзем”, – адзначыў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.
Як паведаміў прэсавай службе БХД прысутны ў Дрыбіне Андрэй Кім, Міколу Дземідзенку суддзя асудзіў да 17 сутак адміністрацыйнага арышту, на 10 сутак асудзілі сябра БХД Яўгена Скрабца. Наступнай асуджанай стала Ганна Шаруба – ёй далі 13 сутак. Сябар “Еўрапейскай Беларусі” Аляксей Сянчыла атрымаў 7 сутак, намесніца старшыні МФ Наста Палажанка – 12 сутак, і прэс-сакратарцы арганізацыі Тацяне Шапуцьцы і Юліі Міхайлавай суд прызначыў па 10 сутак арышту.
Разам з тым у Горках вызвалілі каардынатара аргкамітэту БХД па Берасцейскай вобласці Змітра Шурхая, маладафронтаўца Івана Шылу, якія запатрабавалі адваката. Суд над імі адкладзены да 8 жніўня. Сябра “Еўрапейскай Беларусі” Аляксандра Велічэнку ў Горках далі штраф 1 мільён 50 тысяч рублёў, а Максіму Сямёнаву таксама з “Еўрапейскай Беларусі” суддзя прысудзіла 10 сутак арышту.
“Да самога вечару мы былі ў ізалятары, думалі, што так у ім і застанемся на суткі. Але пасля нас нечакана павезлі ў суд. Магчыма, гэта звязана з прыездам у Горкі Лукашэнкі: нас трымалі пакуль ён не з’едзе.
У судзе я запатрабаваў адваката. Суддзя ж сказала, што і з адвакатам, і без яго мне дадуць як мінімум 10 сутак, бо мяне ўжо другі раз судзяць па адным і тым жа артыкуле. Я ўсё роўна патрабаваў адваката. У выніку яна перанесла суд на панядзелак, 8 жніўня. У гэты дзень я павінен буду з’явіцца ў судзе. Пра гэта я распавёў Івану Шылу, і ён таксама гэтым скарыстаўся. На выхадзе з суду нас затрымалі, бо начальнік РАУС не хацеў выпускаць нас з Горак, але суддзя, на дзіва, не захацела нічога перапісваць і пакінула сваё рашэнне нязменным.
Аляксандру Велічэнку яна спачатку дала 7 сутак, але, даведаўшыся, што ў яго ў выніку траўмы ў дзяцінстве адно вока не бачыць, аштрафавала яго на 1 050 000 рублёў. Максіму Сямёнаву далі 10 сутак і ён застаўся ў Горках”, – адзначыў Зміцер Шурхай.