Севярынец пра затрыманне Бяляцкага: улады пачалі зачыстку перад восенню
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павел Севярынец пракаментаваў прэсавай службе БХД затрыманне і ціск спецслужбаў на лідара праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.
“Беззаконне працягваецца. Мяркуючы па ўсім, улады пачалі зачыстку перад восенню. Яны баяцца масавых пратэстаў і спрабуюць не толькі ціснуць на пратэстоўцаў, але і падарваць сістэму салідарнасці і ўзаемадапамогі”, – адзначыў ён.
“Алесь Бяляцкі быў адным з лідараў той хвалі нацыянальнага адраджэнння, якая прывяла да незалежнасці Беларусі. Ён ужо больш за 20 гадоў у нацыянальным руху. Мы молімся за яго і яго сям’ю. Наш адказ на рэпрэсіі – трымацца разам!”, – падкрэсліў Павел Севярынец.
Алесь Бяляцкі быў затрыманы 4 жніўня. У яго кватэры, лецішчы і офісе “Вясны” спецслужбы правялі ператрусы, канфіскавалі кампутары і дакументы. Зараз ён знаходзіцца пад вартай.