МУС не хоча ўладкоўваць Паўла Севярынца ў ХДІ (фота дакументу)
“Хрысціянская дзелавая ініцыятыва” атрымала адказ наконт уладкавання на працу сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Паўла Севярынца, якога ў траўні за ўдзел у Плошчы 19 снежня 2010 года асудзілі да трох гадоў “хіміі”.
“Згодна з дзейсным крымінальна-выканаўчым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь пытанні пра месцы працаўладкавання зняволеных знаходзяцца выключна ў кампетэнцыі адміністрацыі папраўчых устаноў адчыненага тыпу”, – гаворыцца ў адказе Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Беларусі.
“Пытанне пра месца працаўладкавання Севярынца П.К. будзе разглядацца толькі пасля яго прыбыцця ў канкрэтную папраўчую ўстанову адчыненага тыпу і пастаноўкі на ўлік”, – адзначылі ў Дэпартаменце.
“Відавочна, сваё месца працаўладкавання яны ўжо падрыхтавалі”, – лічыць Павел Севярынец.
У панядзелак, 8 жніўня, а 10-й гадзіне Паўла Севярынца выклікаюць у інспекцыю Дэпартамента выканання пакарання горада Віцебска.