Каталікі святкуюць Перамяненне Пана
6 жніўня Каталіцкі касцёл святкуе Перамяненне Пана. Гэтае свята звязваюць з цудам, які Езус Хрыстос здзейсніў напрыканцы Свайго зямнога шляху перад трыма апосталамі Пятром, Якубам ды Янам.
Хрыстос прывёў Сваіх вучняў на гару Табор і адкрыў, што Яму належыць пакутваць за людзей, памерці на крыжы і ўваскрэснуць. Там Ён перамяніўся перад апосталамі: твар Яго заззяў, а вопратка зрабілася асляпляльна белай. Два прарокі Старога Запавету Майсей ды Ілля з’явіліся Госпаду на гары і размаўлялі з Ім. А голас Бога Айца са светлага воблака сведчыў пра Боскасць Хрыста.
Лічыцца таксама, што свята Перамянення Пана звязана са старазапаветным святам асвячэння пладоў. Так, на Ўсходзе ў пачатку жніўня выспяваюць злакі і вінаград, якія хрысціяне прыносяць у храм для блаславення.