Рымашэўскі: наяўнасць палітвязняў — галоўная маральная праблема беларускага грамадства (фота, відэа)

10 жніўня 2011 13:55  |  Галоўныя навіны

У рэгіёнах Беларусі, дзе адбываюць сёння пакаранне палітычныя вязні, пройдуць праваабарончыя форумы. Пра гэта паведамілі 10 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску лідары аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД).

“У гэтых форумаў дзве асноўныя мэты, — удакладніў сустаршыня аргкамітэта БХД, былы кандыдат у прэзідэнты краіны Віталь Рымашэўскі. — Першая — давесці да тых людзей, хто на сёння непасрэдна адказвае за рэпрэсіі, за ўціск на беларускіх палітвязняў, што яны будуць несці персанальную адказнасць і не здолеюць прыкрыцца вышэйстаячым кіраўніцтвам і заканадаўствам, якое яны трактуюць па-свойму. Кіраўнікі калоній, адказныя за гвалт, за здзекі над зняволенымі, павінны ведаць, што панясуць пакаранне і што беларуская грамадскасць за гэтым сочыць. Будуць пададзены заявы ў мясцовыя надзорныя органы і звароты да кіраўнікоў тых устаноў, дзе сёння адбываюць пакаранне нашы палітзняволеныя. Другая мэта — актывізаваць рэгіянальныя арганізацыі, дэмакратычную супольнасць на абарону, на салідарнасць з палітзняволенымі”. 

Паводле слоў Рымашэўскага, апазіцыйныя палітычныя сілы рыхтуюць Марш пратэсту, удзельнічаюць у сацыяльных пратэставых акцыях. “Але мы не будзем мець поўнага маральнага права праводзіць гэтыя акцыі, — адзначыў ён, — калі будзем забывацца пра галоўную маральную праблему, якая ёсць сёння ў беларускім грамадстве — наяўнасць палітвязняў і неабходнасць іх бараніць. І таму адна з мэтаў гэтых праваабарончых канферэнцый — прыдаць новы імпульс мясцовай салідарнасці”. 

Першая праваабарончая рэгіянальная канферэнцыя, паведаміў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, пройдзе 17 жніўня ў Магілёве. Потым падобныя форумы пройдуць у Віцебску і Гродне — у гэтых рэгіёнах краіны сканцэнтравана найбольшая колькасць палітвязняў. 

На канферэнцыі запрашаюцца палітыкі, праваабаронцы, адвакаты, сваякі палітвязняў, дыпламаты і журналісты. На магілёўскім форуме, у прыватнасці, будуць закранутыя юрыдычны і міжнародны аспекты (выпрацоўка агульнага паслання еўрапейскай супольнасці), а таксама праваабарончы аспект (пытанні дапамогі сем’ям зняволеных, людзям, якія найбольш церпяць). Трэба скаардынаваць гэтыя агульныя высілкі, падкрэсліў Садоўскі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Рымашэўскі: наяўнасць палітвязняў — галоўная маральная праблема беларускага грамадства (фота, відэа)
Рымашэўскі: наяўнасць палітвязняў — галоўная маральная праблема беларускага грамадства (фота, відэа)

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Фота: euroradio.by, Радыё Свабода

Болей навін