Да Змітра Дашкевіча зноў не пусцілі адваката

11 жніўня 2011 15:17  |  Галоўныя навіны

Да лідара Маладога Фронту і сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Змітра Дашкевіча, які адбывае пакаранне ў калоніі № 9 у Горках, зноў не пусцілі адваката. Пра гэта паведаміў актывіст БХД Вадзім Кабанчук, які адвозіў адвакатку ў Горкі.

 

“Прычынай адмовы ў сустрэчы адміністрацыя калоніі назвала нейкую “службовую неабходнасць”. Што гэта значыць – невядома”, – адзначыў Вадзім Кабанчук.

 

У сувязі з адмовай адвакатка склала скаргі ў Пракуратуру Магілёўскай вобласці і Ўпраўленне Дэпартаменту выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці. Таксама яна напісала заўвагу ў кнігу скаргаў калоніі.

 

“Мы таксама заехалі ў Дрыбін, дзе сустрэліся з Настай Палажанкай і Міколам Дземідзенкам, якія адбываюць пакаранне за акцыю салідарнасці з Дашкевічам. На наступным тыдні мы збіраемся зноў паспрабаваць дамагчыся сустрэчы адваката са Змітром”, – паведаміў Вадзім Кабанчук.

Болей навін