Дзмітрук: знаходжанне Севярынца на Пружаншчыне пойдзе на карысць БХД

11 жніўня 2011 16:26  |  Палітыка

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Георгі Дзмітрук, які стала пражывае ў Кобрыне, пракаментаваў той факт, што другі сустаршыня БХД Павал Севярынец будзе адбываць “хімію” ў Пружанскім раёне, што мяжуе з Кобрынскім.

 

“Берасцейская вобласць з’яўляецца найбольш хрысціянскай на тэрыторыі Беларусі. Нашымі малітвамі мы заўсёды прыцягваем добрых людзей да сябе. Будзем спадзявацца, што знаходжанне Паўла тут не будзем нічым азмрочана, а толькі пойдзе на карысць Беларусі і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”, – адзначыў ён.

 

“Я спадзяваўся, што Паўла перавядуць бліжэй да Кобрына, бо мы, “Хрысціянская Дзелавая Ініцыятыва”, гатовы прадаставіць яму месца працы на час “хіміі”, – паведаміў Георгі Дзмітрук.

 

Ён таксама пракаментаваў сітуацыю з перадачай Літвой і Польшчай беларускім уладам дадзеных пра банкаўскія рахункі Алеся Бяляцкага. “Мне падаецца, што інфармацыю злілі за грошы, што быў задзейнічаны карупцыйны варыянт. Ні Польшчы, ні Літве не было сэнсу перадаваць інфарамацыю Беларусі. Хутчэй за ўсё, беларускія ўлады заплацілі вялікія грошы за інфармацыю, а тыя папросту ўзялі іх і выканалі заказ”, – лічыць сустаршыня БХД.

Болей навін