У Дрыбіне выйшла на волю Наста Палажанка (Фота)
У нядзелю 14 жніўня пасьля дванаццаці сутак адміністрацыйнага арышту з Дрыбінскага ізалятару часовага ўтрыманьня выйшла на волю намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка, раней асуджаная на 1 год пазбаўленьня волі ўмоўна. 3 ліпеня горацкі раённы суд пакараў дзяўчыну за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі салідарнасьці зь яе жаніхом лідэрам “Маладога фронту” Зьміцерам Дашкевічам ля папраўчай калёніі №9, дзе ён адбывае двухгадовае пакараньне.
За 2 дні да гэтага ў пятніцу 12 жніўня былі вызваленыя яшчэ пяцёра ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам: сябра БХД з Берасьця Яўген Скрабек, маладафронтацы Вячаслав Барысаў, Юлія Міхайлава і Тацяна Шапуцька, а таксама актвіст Максім Сямёнаў. Іх усіх, уключна зь незалежнай журналістка Тацянай Шапуцькай Горацкі раённы суд пакараў дзесяцьцю суткамі арышту.
Пасьля вызваленьня Наста Палажанка распавяла, што ведае пра апошнія падзеі ў Беларусі: вызваленьне дзевяці палітвязьняў, пра яшчэ адну адмову адміністрацыі калёніі ў сустрэчы адваката з Дашкевічам, а таксама пра арышт Алеся Бяляцкага.
“Нядопуск адваката да Дашкевіча мяне непакоіць, бо гэта зьвязана хутчэй за ўсё зь лістамі пра памілаваньне. У нас была такая інфармацыя пра ціск на палітвязьняў, каб яны пісалі прашэньні на імя Лукашэнкі. Зьміцер гэтага ня робіць і адміністрацыя турмы ня хоча, каб пра гэта інфармацыя трапіла на волю.
Адносна вызваленьня нашых паплечнікаў і сяброў я вельмі рада, што яны выйшлі. На волі яны зробяць значна болей, чым у турме.
Нам у камэру трапіла газэта пра арышт Бяляцкага. Для нас гэта было шокам. Былі зьвесткі яшчэ раней пра тое, што Літва здала яго рахункі, але тое, што яго доўгі час не садзілі пакідала ў мяне надзею, што ўлада ня хоча ісьці на правакацыю з арыштам. Крэдыты, якія ўлада атрымала, апошнія 2 мільярды новыя, азначаюць, што Лукашэнка будзе гуляць далей. І паўгода ў яго на гэта ёсьць. Мы будзем жа й надалей працягваць сваю дзейнасьць. Будзем інфармаваць міжнародную й беларускую супольнасьць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. 12 сутак мы “адпачылі”, цяпер трэба ісьці далей”, – адзначыла Наста Палажанка адразу па вызваленьні.
У Дрыбінскім і Горацкім ізалятарах застаюцца яшчэ трое пікетоўцаў: Мікола Дземідзенка выйдзе на волю 19 жніўня, яго пакаралі на 17 сутак арышту, Ганна Шаруба – 15 жніўня пасьля 13 сутак. 19 жніўня выйдзе на волю Вячаслаў Барысаў. Яго судзілі 9 жніўня і пакаралі на дзесяць сутак. На судзе 3 жніўня ён запатрабаваў адваката.
Яшчэ двое ўдзельнікаў пікету ля горацкай турмы чакаюць судоў: берасьцейскі каардынатар Зьміцер Шурхай і салігорскі маладафронтавец Іван Шыла. 3 жніўня ў судзе запатрабавалі адвакатаў, пасьля чаго іх адпусьцілі. 8 жніўня ў прызначаны дзень разгляду іх спраў у Горацкі суд яны не зьявіліся, і разгляд адклалі.
2 жніўня ля горацкай папраўчай калёніі № 9 агулам былі затрыманыя 14 чалавек. Яны патрабавалі, каб кіраўніцтва турмы дазволіла адвакату сустрэцца зь лідэрам “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам, які адбывае тут двухгадовае пакараньне. Пасьля адмовы паплечнікі Зьмітра зладзілі пікет пад вокнамі адміністрацыйнага будынка калёніі. 3 жніўня ў Горках і Дрыбіне над затрыманымі удзельнікамі пікету адбывіся суды. Бальшыня ўдзельнікаў акцыі пакараная пазбаўленьнем волі на тэрміны ад 5 да 17 сутак.