Жанчыны патрабуюць ад генеральнага пракурора ўмяшацца ў справу Зміцера Дашкевіча (Фота)
Жанчыны вырашылі напісаць гэтую заяву пасля таго, як 16 жніўня, адміністрацыя папраўчай калоніі ў Горках пяты раз запар адмовіла адвакату палітвязня Зміцера Дашкевіча пабачыцца з падабаронным. Некалькі дзён таму адвакату Марыне Кавалеўскай адмовілі, спаслаўшыся на службовую неабходнасць. Гэтым разам адміністрацыя калоніі, увогуле, не палічыла патрэбным называць прычыну адмовы на спатканне адваката з падабаронным.
Жанчыны ў сваёй заяве на імя Генеральнага пракурора распавялі пра свой нядаўні візіт да кіраўніка Дэпартамента выканання пакаранняў Аляксандра Барсукова. Той абяцаў ім, што сітуацыя вырашыцца, але нічога не змянілася. Маці палітвязняў пішуць, што вельмі непакояцца за стан здароўя Дашкевіча. Вядома, што ён як мінімум тройчы трапляў у штрафны ізалятар, а таксама тое, што да яго не трапляюць лісты з волі. Сябры і сваякі Зміцера таксама не маюць пра яго ніякай інфармацыі. Адвакату палітвязня яго не паказваюць, спасылаючыся на розныя прычыны.
Жанчыны ў сваёй калектыўнай заяве патрабуюць, каб генеральны пракурор умяшаўся ў гэтую сітуацыю і прымусіў адміністрацыю калоніі прытрымлівацца заканадаўчых нормаў.