Павал Севярынец будзе прымусова працаваць у фермерскай гаспадарцы. Заўтра першы дзень (Абноўлена)
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павал Севярынец, асуджаны на тры гады абмежавання волі, будзе працаваць у фермерскай гаспадарцы, якая знаходзіцца на тэрыторыі былой ваеннай часткі ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну Берасцейскай вобласці.
Фермерская гаспадарка “Бардо” была створаная 30 красавіка 2003 г. Займаецца вырошчваннем бульбы, капусты, буракоў, морквы, збожжавых (ячмень, пшаніца), аптовым і рознічнага гандлем сельскагаспадарчай прадукцыяй, запчасткамі да сельгасмашынаў, рэстаўраванай і новай тэхнікай, рыбаводствам і рыбалоўствам.
Павал ўжо меў сустрэчу з уладальнікам гаспадаркі Анатолем Тарасевічам:
“Мне ў загадным парадку ў камендатуры сказалі з’явіцца ў сельскагаспадарчае прадпрыемства “Бардо”, якое знаходзіцца побач, на тэрыторыі таго ж былога вайсковага гарадка. Там уладкавалі на працу. 19 жніўня першы працоўны дзень. Працаваць буду на бульбе. Я не ведаю, ці гэта будзе поле, ці гэта будзе нейкая сартаванне, ці штосьці яшчэ – гэта даведаюся заўтра. Я сюды не зарабляць прыехаў, мне літаральна прымусам прыцягнулі.
Па словах Паўла Севярынца, ён не спадзяецца на добрыя заробкі, хаця адчуваецца, што Тарасевіч моцны гаспадарнік, а ў астатнім пакажа час.
Севярынец адзначыў таксама, што да гэтага часу ён “не бачыў афіцыйна падпісанага дазволу на наведванне царквы”. Ён паведаміў, што напісаў заяву з просьбай на наведванне царквы кожную нядзелю, а бліжэйшая царква знаходзіцца ў Пружанах.
16 траўня Павал Севярынец, які падчас выбараў 2010 году кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, быў асуджаны на тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Паводле БелаПАН, “Нашай Нівы” і Радыё “Рацыі”