Сябры БХД штопятніцу ладзяць малітоўныя акцыі ў Гомлі і Горадні
З ініцыятывы сябраў аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” у Гомелі і Горадні штопятніцу а 19-й гадзіне праходзяць малітоўныя акцыі, удзельнікі якіх моляцца за Беларусь.
Гэтак, у Гомлі 12 жніўня акцыя прайшла ў два этапы: спачатку ля помніка хрысціянскаму свяціцелю Беларусі Кірылу Тураўскаму, затым – ля памятнага знаку ахвярам канцэнтрацыйных лагероў у Вялікую Айчынную вайну. У акцыі бралі ўдзел прадстаўнікі розных канфесій.
“Спадзяюся, што акцыю пойдуйць па нарастаючай, што колькасць удзельнікаў будзе расці. Я лічу іх найбольш прымальнай з легальных формаў выражэння пазіцый сябраў БХД да падзей у краіне, магчымасцю выказаць падтрымку зняволеным”, – паведаміў абласны каардынатар БХД Юры Клімовіч.
У Горадні акцыі ладзяцца ля праваслаўнага Пакроўскага сабору. 19 жніўня яны пройдуць ужо ў пяты раз. У сярэднім у іх удзельнічае больш трошкі менш за дзесяць чалавек. “Людзі розныя прыходзяць, мяняюцца. Думаю, што, як скончацца адпачынкі, удзельнікаў стане больш”, – адзначыў мясцовы кіраўнік БХД Мікола Баўсюк.
Нагадаем, што малітоўныя акцыі праходзяць таксама ля Чырвонага касцёла ў Менску штодня ў 20-00 і ля Ўспенскага сабору ў Віцебску.