Яўген Васьковіч патрабуе вашай дапамогі!
17 жніўня на праваабарончым форуме ў Магілёве, зладжаным з ініцыятывы сябраў аргкамітэту БХД, прысутнічала бабуля палітычна зьняволенага актывіста Яўгена Васьковіча, якая падчас сустрэчы казала пра свайго ўнука праз сьлёзы. Васьковічу, як і астатнім палітвязьням, вельмі неабходная падтрымка і дапамога.
На думку Тамары Васьковіч ўнук трапіў у турму незаконна. Яна не разумее, за што Яўген асуджаны на такі жудасны тэрмін. Бабуля Яўгена вельмі прасіла падтрымаць яго. Яна таксама перадала словы Яўгена, які прасіў не выключаць яго з партыі БХД, бо ён заўжды заставаўся сябрам БХД і Маладога Фронту.
Нагадаем, у ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасьля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Пракурор даводзіла, што дзеяньні падсудных маглі прывесьці да зьнішчэньня ўсяго будынка КДБ. Страты маглі скласьці блізу двух мільярдаў рублёў. Рэальныя ж страты ад нападу склалі 253 тысячы рублёў, і гэтыя грошы ўжо выплацілі.
Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб учыненым. Ён назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго сьвяты абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасьці. “За іх я памерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а радзіма вечная”, казаў хлопец. Скончыў свой кароткі выступ Васьковіч воклічам: “Жыве Беларусь!”. Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зьняволеньня калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Хаця хрысьціянскія дэмакраты не падтрымліваюць гвалтоўных мэтадаў супраціву, наш абавязак – маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: “ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым., 12:21).
Яўген Васьковіч, адрэса калёніі:
213105 г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, п/а Вейна
папраўчая калёнія № 15
Паводле сайту МФ