Прадстаўнікі БХД наведалі Нарвегію (фота)
Шасцёра сябраў аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” – два прадстаўнікі Моладзі БХД і чатыры рэгіянальныя кіраўнікі – па запрашэнні нарвежскай Хрысціянскай дэмакратычнай партыі (KFP) 12-19 жніўня наведалі Нарвегію.
Мэтай візіту было азнаямленне з нарвежскай пратыкай правядзення выбараў і назіранне за пачаткам выбарчай кампаніі ў Нарвегіі. Прадстаўнікі БХД узялі ўдзел у двухдзённым нацыянальным сходзе KFP, які прайшоў у Осла, а затым накіраваліся ў паездку па рэгіёнах, дзе правялі сустрэчы з кіраўніцтвам муніцыпалітэтаў, кандыдатамі, актывістамі і выбаршчыкамі.
Падчас паездкі сябры БХД не толькі знаёміліся з замежным досведам, але і актыўна распавядалі пра сітуацыю ў Беларусі. Непасрэдным следствам гэтага стала з’яўленне шэрагу артыкулаў у нарвежскіх СМІ, прысвечаных БХД і Беларусі.
“Нас вельмі ўразіла спецыфіка правядзення выбараў у краіне. У тым ліку той факт, што розныя партыі разам рыхтуюць агітацыйны матэрыял і рассылаюць іх у рэгіёны. Прадстаўнікі KFP вельмі падрабязна распавялі нам пра вядзенне выбараў у Нарвегію. Таксама нарвежцы ўдзялялі шмат увагі жудаснаму тэракту, які адбыўся 22 ліпеня. Яны адзначалі, што ён быў спробай знішчыць нарвежскую дэмакратыю, і, што яны прыкладуць усе свае намаганні, каб гэтага не дапусціць”, – адзначыла кіраўніца Моладзі БХД Любоў Каменева, якая ўдзельнічала ў візіце.