Затрыманага ў Польшчы Зьмітра Піменава вызвалілі

22 жніўня 2011 12:01  |  Палітыка

Затрыманага ў Польшчы Зьмітра Піменава адпусьцілі пасьля допыту ў пракуратуры ў Пшэмысьлі каля апоўначы ў пятніцу. Допыт цягнуўся амаль восем гадзінаў.

Паводле польскіх законаў, у выстаўленых яму беларускімі праваахоўнымі органамі абвінавачаньнях выйшаў тэрмін даўнасьці.

Тым ня менш у дачыненьні да Піменава ўсчатая працэдура экстрадыцыі ў Беларусь. Канчатковае рашэньне па ёй належыць прыняць міністру.

Піменаў, легендарны Мірон, які некалькі гадоў таму атрымаў палітычны прытулак у Бэльгіі, ехаў ва Ўкраіну па сямейных абставінах, быў затрыманы на польска-ўкраінскай мяжы ў ноч з чацьвярга на пятніцу. Як паведаміў іх сын Ігар, Зьміцер мае так званы «жэнэўскі» пашпарт уцекача. Перад ад’ездам ва Ўкраіну, атрымаўшы ўкраінскую візу, сям’я раілася з бэльгійскімі спэцслужбамі, якія запэўнілі, што ўсе дакумэнты Піменава ў парадку, і зь імі яго ня могуць затрымаць на мяжы Эўразьвязу.

У эміграцыі Зьміцер Піменаў працягваў актыўнае грамадзкае жыцьцё, узначаліў Беларуска-Эўрапейскае задзіночаньне, праводзіў галадоўкі пратэсту супраць палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, быў ініцыятарам шматлікіх акцыяў каля Эўрапарлямэнту, прыцягваючы ўвагу да беларускіх праблемаў.

 

Нагадаем, што сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” 19 жніўня заклікаў польскія ўлады вызваліць беларускага палітуцекача Змітра Піменава, які быў затрымана на польска-ўкраінскай мяжы.

 

“Я ведаю Змітра як чалавека, які вельмі шмат зрабіў і робіць для Беларусі. Ён актыўна ўдзельнічае ў жыцці беларускай дыяспары ў Бельгіі і Еўропе наогул, ладзіць акцыі ў падтрымку дэмакратычных сілаў у Беларусі. Я заклікаю польскія ўлады неадкаладна вызваліць Змітра Піменава, выправіўшы тым самым прыкрае непарузуменне з яго затрыманнем”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін