Сёння ў Дзень памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў у Курапатах адбудзецца паніхіда

23 жніўня 2011 12:39  |  Галоўныя навіны

Сёння, 23 жніўня, у агульнаеўрапейскі Дзень памяці ахвяраў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў ва ўрочышчы Курапаты ў Менску адбудзецца паніхіда па ахвярах таталітарных і аўтарытарных  рэжымаў. Ушанаванне памяці загінулых адбудзецца а 19-й гадзіне.

 

У Еўропе 23 жніўня ўшаноўваецца як адзіны дзень памяці усіх ахвяраў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў. Еўрапейскі Парламэнт абвесціў гэты дзень ў 2009 годзе на знак памяці пра падпісанне “пакта Молатава-Рыбэнтропа”, што паспрыяў развязванню Другой Сусветнай вайны. У Еўропе згадваюць у гэты дзень усіх ахвяраў і нацызму, і камунізму, ураўняўшы такім чынам абодва гэтыя антычалавечыя таталітарныя рэжымы. Адпаведную рэзалюцыю 3 ліпеня 2009 года прыняла Парламенцкая Асамблея Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. 

 

72 гады таму, 23 жніўня 1939 года, у Маскве паміж двума найстрашэннейшымі рэжымамі ў гісторыі – Савецкім Саюзам і нацысцкай Нямеччынай – быў падпісаны пакт аб ненападзе, больш вядомы як пакт Молатава-Рыбентропа. Дамова ўключала ў сябе сакрэтны пратакол, паводле якога СССР і Нямеччына дамаўляліся аб падзеле Ўсходняй Еўропы.

 

Праз тыдзень пасля падпісання дамовы Нямеччына напала на Польшчу і распачала другую сусветную вайну. Яшчэ праз два тыдні згодна з пактам у Заходнюю Беларусь і Украіну ўварваліся саюзныя гітлераўскім бязбожныя савецкія войскі, якія ўчынілі масавыя рэпрэсіі на новадалучаных землях.

 

“Ахвяр камунізму і фашызму важна і неабходна памятаць. Вельмі добра, што сёння ладзіцца такая паніхіда. Наша грамадства павінна разумець і памятаць, што гэтыя два рэжымы параўнальныя паміж сабой, што яны абодва прынеслі шмат зла як для ўсяго свету, гэтак і для Беларусі”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.

Болей навін